Каронавірус бʼе па занятасці


У крамы – толькі ў масках і пальчатках. Гарадзенскі абласны цэнтр гігіены рыхтуе адпаведную прапанову. Тым часам у Менску адмянілі выпускныя вечары ў школах, а ў Маладзечне – упершыню за 27 гадоў – не будзе фестывалю беларускай песні. Як каронавірус усё больш уплывае на нашае жыццё ды як адабʼецца на нашым дабрабыце, распавядзе Аляксандр Папко.

936 новых хворых на COVID-19, 490 асобаў вылекаваліся і чатыры новыя смерці. Статыстыку эпідэміі за ўчора апублікавала Міністэрства аховы здароўя. У спісе памерлых цяпер 175 чалавек. Аляксандр Лукашэнка тым часам заклікаў партнёраў з Еўразійскага эканамічнага саюзу як найхутчэй адкрыць межы:

«Працяглыя каранціны і самаізаляцыя насельніцтва выразна паказалі, што нават у звышдзяржаваў няма запасу трываласці, які дазваляе ва ўмовах закрытых межаў і прадпрыемстваў, якія не працуюць, значны час утрымліваць нацыянальныя эканомікі».

На траціну скарацілі заробак і працоўны тыдзень працаўнікам Беларускага металургічнага заводу. Загад гендырэктара апублікаваў тэлеграм-канал NEXTA. Замовы зменшыліся праз глабальны каранцін, а за мяжу БМЗ пастаўляе 85 адсоткаў сваёй прадукцыі. Каронавірус балюча ўдарыў па беларускіх гатэлях і міжнародных перавозніках – дадае старшыня Менскага саюзу прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў. Шмат у якіх сферах людзей звальняюць.

«Трэба дадаць сюды грамадскае харчаванне, якое моцна пацярпела. Вельмі негатыўная інфармацыя ідзе з дробнага гандлю – з рынкаў і гандлёвых цэнтраў. Там вельмі шмат людзей засталіся без працы. Скарачэнні ідуць шмат у якіх сферах. На жаль, гэта толькі пачатак», – каментуе Віктар Маргелаў.

Ці ведаюць жыхару Менску некага, каго звольнілі ці перавялі на скарочаны тыдзень з прычыны каронавіруса?

«Пакуль усё стабільна ў мяне, маіх сяброў, знаёмых, родных».

«На 50 % урэзалі заробак. Аднак нашая фірма працуе, і гэта здорава!»

«Трапіў пад скарачэнне, аднак знайшоў сабе ўжо працу. Такі час! Цяжка, але трэба перажыць!» – распавядаюць менчукі.

Сёлета валавы прадукт Беларусі ўпадзе на пяць-шэсць адсоткаў – прагназуюць Еўрапейскі банк рэканструкцыі і развіцця ды МВФ. Віктар Маргелаў заклікае прадпрымальнікаў падрыхтавацца да праблемаў, якія маюць праявіцца ўвосень.

«Кожны павінен знайсці рашэнне, як уратавацца самому і дапамагчы адно адному. Па адным уратавацца сёння будзе вельмі складана. Разлічваць на дапамогу некага моцнага з боку ўладных структураў таксама не варта», – заклікае прадпрымальнікаў Віктар Маргелаў.

Адтэрміноўка выплаты падаткаў і – калі згодзяцца мясцовыя ўлады – змяншэнне камунальных плацяжоў. Гэта пакуль усё, на што падчас каронакрызісу можа разлічваць наш малы бізнес. Міністэрства антыманапольнага рэгулявання прапануе падтрымаць вытворцаў алкаголю. Гандляваць спіртовымі напоямі да канца года могуць дазволіць інтэрнэт-крамам.

Аляксандр Папко, «Белсат»