Каронавірус адгукнуўся ў Беларусі


Каронавірус COVID-19 ударыў не толькі па здароўі людзей, але і па эканоміцы Кітаю. Прадпрыемствы не працуюць напоўніцу. Пад ціскам уладаў прамысловыя гіганты паволі спрабуюць аднавіць вытворчасць і аслабіць абмежаванні на перасоўванне людзей ды транспарту. Спад кітайскай вытворчасці пачаў адбівацца і на беларускай – пакуль ускосна. Чаго чакаць далей?

Звесткі аб барацьбе з каронавірусам нагадваюць зводкі з лініі фронту: штодня паміраюць людзі, але ёсць і тыя, каго вызвалілі з палону хваробы. На сёння афіцыйна хвароба пацверджаная ў 75 282 асобаў, памерлі 2012 інфікаваных, аднак выздаравелі 15 084. Перадусім пацярпеў Кітай і кітайская гаспадарка.

«Сёння прадпрыемствы амаль у палове Кітая працуюць не ў поўную сілу. Калі мы паглядзім, колькі яны даюць ВУП Кітая – 60-65 %. Відавочна, што шмат якія з іх не адчыняцца ў поўную сілу да канца лютага, магчыма, нават да сярэдзіны сакавіка», – дае прагноз Аляксей Маслаў, прафесар Навукова-даследчага інстытуту «Вышэйшая школа эканомікі» у Маскве.

COVID-19 здолеў трапіць яшчэ ў 25 краінаў свету. У Беларусь забойчая хвароба не прыйшла, але ўжо адгукнулася на эканоміцы. Першымі гэта адчулі салігорцы, бо ўпаў попыт на калійныя ўгнаенні на ключавым для «Беларуськалію» кітайскім рынку.

«У канцы мінулага года ў дырэктара «Беларуськалію» пыталі, калі будзе кантракт з Кітаем на пастаўку калійных угнаенняў. Ён казаў, што дакладна ў 2020 годзе. Але тэрміны не называў. Усе чакалі, што кантракт будзе ў канцы 2019, але яго не было», – нагадвае эканамічны аглядальнік TUT.BY Аляксандр Заяц.

Беларусы больш купляюць кітайскага, чым кітайцы беларускага. А некаторыя беларускія вытворцы крытычна залежаць ад кітайскіх камплектовачных вырабаў і сыравіны. Праз тое, што кітайскія партнёры не выходзяць на працу, зрываюцца або затрымліваюцца пастаўкі тканіны для лёгкай прамысловасці, дэталяў для зборкі электронікі ды аўтабудаўніцтва. На заводзе «БелДжы» запэўніваюць, што складскіх запасаў хопіць надоўга, праца ідзе паводле плану. Але і канца-краю эпідэміі ў Кітаі пакуль не бачна.

«Кітай быў прыцягальны сваім коштам на камплектуючыя, на сыравіну. Калі б альтэрнатыва была бліжэй, але даражэй, то гэта адбіваецца на кошце канечнага прадукту», – тлумачыць Аляксандр Заяц.

Затрымкі кітайскіх паставак на месяц-другі абаб’юцца падаражэннем тавараў па ўсім свеце на 5–15 %, кажа ўсходазнаўца Аляксей Маслаў:

«Ад спынення кітайскіх прадпрыемстваў пацерпяць абсалютна ўсе краіны і людзі, кожны ў сваім абʼёме. Напрыклад, бачна, што затрымка ў зборцы электронікі – дзе ідзе канвеер і ручная зборка, будзе месяц а то і два».

Пакуль інвестары выводзяць з Кітаю гандлёва-вытворчыя ланцугі, краіны свету ставяць бар’еры для магчымых носьбітаў каронавірусу. Расея забараніла ўезд грамадзянам Кітаю – але з вялікім шэрагам выключэнняў.

«За выключэннем бізнэс і гуманітарных візаў, а таксама віду на жыхарства ў РФ. То бок турыстычныя, працоўныя, прыватныя візы – уязджаць не могуць. І транзітам. Але як: калі ён прыязджае ў аэрапорт, і следуе ў трэція краіны – пытанняў няма. А калі ўязджае, і кажа, што потым еду ва Украіну ці ў Латвію наземным транспартам, то не», – распавёў «Белсату» прадстаўнік Памежнай службы ФСБ Расеі.

У Беларусь кітайцы могуць прыязджаць без абмежаванняў. Але ўсе, хто быў у Кітаі апошнія 2 тыдні, мусяць прайсці бясплатнае лабараторнае абследаванне ў паліклініцы паводле месца жыхарства або адразу на памежных пунктах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»