Каронавірус у Беларусі і свеце: хроніка пандэміі

Чалавеку, інфікаванаму каронавірусам, пакідаць кватэру нельга. Пра гэта паведаміла падчас адмысловага стрыму намесніца начальніка аддзелу гігіены, эпідэміялогіі і прафілактыкі Міністэрства аховы здароўя Іна Карабан:

«Ён павінен заставацца дома. І ён не павінен цягам усёй сваёй хваробы выходзіць на вуліцу, бо ён – крыніца інфекцыі для навакольных».

У нашай краіне 7281 афіцыйна пацверджаны выпадак каронавіруса. Гэта плюс 558 заражаных за апошнія содні. Паправіліся ды выпісаныя 769 чалавек. Памерлі 58 пацыентаў.

«Людзі пачынаюць паміраць, мы нават не ведаем з-за чаго. Хаця ты гэтых людзей ведаў, вітаўся з імі. Літаральна толькі кантактаваў з імі, яны выглядалі здаровымі. І цягам тыдня яны згасаюць», – непакоіцца жыхар Докшыцаў.

Пра недавер беларусаў да афіцыйнай статыстыкі кажа створаная на партале «Зручны горад» петыцыя з патрабаваннем грунтоўна інфармаваць пра эпідэмію каронавіруса.

«Патрабуем абавязаць Міністэрства аховы здароўя выконваць патрабаванне артыкулу 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і штодня даваць дакладныя звесткі пра колькасць інфікаваных каронавірусам, вылечаных і памерлых ад яго (у тым ліку па населеных пунктах, раёнах і вобласцях)».

У свеце колькасць інфікаваных каронавірусам па-ранейшаму расце. Ужо заражаныя больш за 2,5 мільёны чалавек. Памерлі ад COVID-19 амаль 180 тысячаў. За пандэмію каронавіруса амерыканскі штат Місуры падаў у суд на кітайскія ўлады. Паводле пракурора штату Эрыка Шміта, Пекін хлусіў свету пра хваробу і зрабіў недастаткова, каб спыніць эпідэмію на раннім этапе. Кітай абвінавачанні зняпраўджвае.

«Гэтае так званае абвінавачанне не мае пад сабою ніякай фактычнай ды юрыдычнай асновы, і гэта ні што іншае, як недарэчнасць. З часу эпідэміі каронавіруса Кітай дзейнічае празрыста, своечасова інфармуе Сусветную арганізацыю здароўя і адпаведныя краіны ды рэгіёны аб эпідэмічнай сітуацыі», – запэўнівае прадстаўнік Міністэрства замежных справаў Кітаю Гэн Шуан.

У Італіі – краіне, якая найбольш у Еўропе пацярпела ад новага каронавіруса, два дні запар колькасць актыўных выпадкаў заражэння зніжалася. Хварэюць на COVID-19 у краіне цяпер крыху больш за 107 тысяч 700 чалавек. Гэта палявы шпіталь у Бэргама, дзе разам з італьянскімі спецыялістамі працуюць расейскія вайсковыя медыкі.

«Гэта кабінет рэнтгенолагаў. Тут глядзяць здымкі хворых, якія паступаюць з камп’ютарнай тамаграфіі. На гэтым здымку доктар нам паказвае тыповую карціну каронавіруснай пнеўманіі», – распавядае кіраўнік групы расейскіх вайсковых дактароў Аляксандр Юманаў.

У Нямеччыне інстытут імя Паўля Эрліха выдаў першы дазвол на клінічныя выпрабаванні вакцыны супраць новага каронавіруса. Яго атрымала кампанія «BioNTech» з Майнцу. Тэставаць вакцыну будуць на добраахвотніках.

«Неўзабаве ў нас пачнецца першае клінічнае даследаванне ў Нямеччыне. Я таксама ўпэўнены, што цягам года ў нас будзе больш клінічных даследаванняў у Нямеччыне, і гаворка ідзе пра дзве РНК і дзве вектарныя вакцыны», – кажа прэзідэнт Інстытуту вакцын і біямедычных прэпаратаў імя Паўля Эрліха Кляўс Цыхутэк.

У Польшчы колькасць пацверджаных выпадкаў заражэння каронавірусам перакрочыла 10 тысячаў. Памерлі – 404 асобы. У той жа час польскі ўрад не выключае паслаблення каранціну, напрыклад, адкрыцця ў траўні гатэляў. Канчатковае рашэнне прымуць у наступным месяцы.

Анастасія Русецкая, «Белсат»

Фота: Vladimir Smirnov / TASS / Forum

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама