Каранціну няма – працы таксама


Прадпрымальнікі на рынку ў Чэрыкаве:

– Нас пазбавілі сродкаў на існаванне, улада гэта зрабіла.

– Вы пра людзей падумалі?

Чэрыкаўскі рынак толькі для чэрыкаўскіх. Улады раённага цэнтру на Магілёўшчыне пастанавілі, што іпэшнікі з суседніх раёнаў больш не могуць гандляваць на мясцовым рынку. Людміла Шматава, галоўны санітарны лекар Чэрыкаўскага раёну:

«З мэтай абмежавання масавых збораў людзей, якім ёсць рынак, на які ходзяць і людзі сталага ўзросту. Дык вось каб разбавіць гэтую масавасць, прынятае рашэнне прадстаўляць месцы прадпрымальнікам, фізічным асобам і субʼектам гаспадарання, зарэгістраваным толькі ў Чэрыкаўскім раёне».

Рашэнне мясцовых уладаў пазбавіла дзясятак прадпрымальнікаў з суседніх раёнаў, што гандлявалі тут раз на тыдзень, магчымасці зарабляць. Прадпрымальнікі:

«Вы заробак атрымліваеце? Паспрабуйце пасядзець дома за свой кошт. На якой падставе вы пазбаўляеце людзей працы?»

У іншыя дні гэтыя прадпрымальнікі прадаюць свае тавары на рынках суседніх Клімавічаў, Касцюковічаў, Мсціслава ды Слаўгараду. Але магчымасцяў зарабляць усё менш: прэцэдэнт у Чэрыкаве – не першы.

Прадпрымальніца з Крычава:

«У Слаўгарадзе закрылі рынак і ў Чэрыкаве. Закрылі рынак для нас – іншагародніх».

«Чаму камусьці забаронена гандляваць, а камусьці – не? Я разумею, калі закрылі і ўсіх не пусцілі. Хоць гэта таксама няправільна, прэзідэнт сказаў «трэба працаваць», інакш у нас будзе, як ён там гаварыў?», – кажа Алена Набокава, прадпрымальніца.

Іншагароднія прадпрымальнікі выконваюць усе фармальныя абавязкі на час эпідэміі: маскі, пальчаткі, сродкі дэзынфекцыі на гандлёвых кропках. У іх аплочаныя наперад падаткі, і ёсць афіцыйныя дамовы з рынкамі на гандлёвае месца. Але кіраўніцтва рынку разводзіць рукамі: рашэнне раённага начальства – закон.

«Я атрымаў дакумент, я зрабіў на падставе дакументу высновы і выконваю яго», – кажа Мікалай Крыжэвіч, старшыня Чэрыкаўскага РАЙСТ.

Праблема яшчэ і ў тым, што большасць прадпрымальнікаў мае сезонны тавар: абутак, дачныя ды агародныя тавары. Калі яго не прадаць цяпер – праляжыць да наступнага года.

«Я ўзяла на фабрыцы абутак, у мяне на сённяшні дзень доўг перад імі. Мне далі адтэрміноўку на 45 дзён. Я гандлюю – вяртаю. Я не магу ніводнага дня сядзець, бо застануся без сродкаў на існаванне», – кажа Алена Набокава, прадпрымальніца.

Мясцовыя пакупнікі па-рознаму рэагуюць на рашэнне ўладаў забараніць гандаль прадпрымальнікам з іншых гарадоў. Наведнікі чэрыкаўскага рынку:

«Ненармальна! Беларусы павінныя гандляваць паўсюдна на беларускай тэрыторыі».

«Я думаю, гэта няправільна! Калі нашыя працуюць, няхай і крычаўскія працуюць. Якая розніца? Калі пачнём дзяліць Крычаў, Чэрыкаў, дык на што тады жыць?»

«Няхай сядзяць пакуль дома. Я так думаю. Што ім у Чэрыкаве рабіць? Няхай дома сядзяць. Калі гэта каранцін, дык каранцін».

Афіцыйна ў Беларусі ніякага каранціну не абвяшчалі. Гэта і ёсць галоўная прэтэнзія пазбаўленых магчымасці зарабляць прадпрымальнікаў да чэрыкаўскіх раённых уладаў. Рашэнне забараніць гандаль прынятае, а вось рашэння, што цяпер гэтым прадпрымальнікам рабіць, – няма. Прадпрымальніца з Крычава пытае:

«Што рабіць? Чым жыць? І так продажы скараціліся на 80–90 %. Мы ўжо радуемся, што хоць адзін нейкі тавар прадалі, ну дзякуй богу, хоць не па нулях».

«Не прынясу я ў падаткавую рулон плёнкі і не скажу: вось – бярыце, я не прадаў, гэта замест падатку. У мяне двое малых дзяцей, што мне рабіць? Жонка ў дэкрэтным. Я кармілец сямʼі. У нас жытло ў крэдыт», – кажа Максім Косцікаў, прадпрымальнік.

У суседніх краінах урады прынялі маштабныя планы дапамогі прадпрымальнікам. Толькі Польшча выдасць на падтрыманне эканомікі і бізнесу каля 52 мільярдаў долараў. У Беларусі ж дапамога канчаецца на абяцаннях не забараняць працаваць. А на практыцы і гэта не заўсёды выконваецца.

Ігар Кулей, «Белсат»