Каранцінам па санкцыях


Персанальныя санкцыі супраць беларускага кіраўніцтва намераны ўвесці цэлы шэраг краінаў Захаду. Як яны абабʼюцца на эканоміцы Беларусі і які адказ падрыхтаваў Аляксандр Лукашэнка?

Першымі замежнымі гасцямі Лукашэнкі пасля таемнай інаўгурацыі сталі кіраўнікі расейскіх рэгіёнаў.

«Дазвольце ад імя жыхароў Ленінградскай вобласці і ад уласнага імя павіншаваць вас з перавыбраннем. Мы радыя, што беларусы прынялі рашэнне захаваць той курс на стабільнасць, які мае рэспубліка, і курс на супрацу з Расеяй», – паведаміў губернатар Ленінградскай вобласці Расеі Аляксандр Драздзенка.

Умяшаннем у справы Беларусі назваў прэс-сакратар Крамля Дзмітрый Пяскоў адмову заходніх краінаў прызнаць легітымнасць Лукашэнкі. Да 141 чыноўніка і сілавіка пашырылі свае санкцыйныя спісы Літва, Латвія і Эстонія. Кіраўнік Беларусі, у сваю чаргу, разважае над увядзеннем двухтыднёвага каранціну для ўсіх, хто прыязджае з Еўразвязу.

«У прынцыпе, такое рашэнне выглядае лагічным. Аднак калі ўлічыць, што мы не ўводзілі гэтага каранціну нават увесну і на пачатку лета, то логікі тут не бачна. Маўляў, мы пакрыўдзіліся, трэба нешта рабіць, і гэта ўсё, што мы можам зрабіць», – тлумачыць палітолаг Вольга Харламава.

Як да ідэі абараніць Беларусь ад эпідэміі з Захаду ставяцца жыхары Бабруйску?

«Вядома, трэба! Навошта трэба распаўсюджваць эпідэмію?»

«Я лічу, што гэта нармальна, і калі гэта адна з захадаў перасцярогі, то чаму не?»

«Для таго каб агарадзіць, як ён лічыць, краіну ад замежных інструктараў, якія прыедуць і будуць кіраваць пратэстамі. Гэта яго думкі, ён так лічыць», – кажуць гараджане.

«Кропкавыя санкцыі супраць асобаў, непасрэдна адказных за парушэнне правоў чалавека», – паабяцалі кіраўнікі дыпламатычных службаў Канады і Вялікай Брытаніі. ЗША агучаць санкцыйны спіс у аўторак. Еўразвяз свой чорны спіс з 40 беларускіх чыноўнікаў ухваліць пакуль не змог у выніку вета Кіпру. Увесці санкцыі супраць Менску Аб’яднаная Еўропа ізноў паспрабуе 1 кастрычніка.

«Заяўляецца, што санкцыі будуць персанальныя, а эканоміка Беларусі максімальна будзе захоўвацца. Нават тыя еўрапейскія праекты, якія ўжо ёсць, – яны пакуль не прыпыненыя», – распавядае Вольга Харламава.

Сёлета Еўразвяз планаваў выдаць на праекты ў Беларусі каля 190 мільёнаў еўраў. Беларусь пацярпіць не ад эканамічных санкцыяў, якіх няма, а ад знішчэння рэпутацыі, скарачэння інвестыцыяў і страты магчымасці пазычаць грошы – мяркуе фінансавы аналітык Вадзім Іосуб.

«Кожны бліжэйшы год нам трэба будзе вяртаць каля 4 млрд долараў крэдытаў. Як мінімум тры чвэрці гэтай сумы – каля 3 млрд долараў – павінныя былі рэфінансавацца. Цяпер з крэдытораў у нас засталася толькі Расея, але наўрад ці Расея возьме на сябе абавязацельства крэдытаваць Беларусь на 3 млрд долараў», – прагназуе старэйшы аналітык «Альпары Еўразія» Вадзім Іосуб.

Свайму расейскаму калегу Аляксандр Лукашэнка прапанаваў сустрэцца 28 або 29 верасня – на Форуме рэгіёнаў Беларусі і Расеі. Аднак на 28 верасня ў Пуціна запланаваная іншая сустрэча – з прэзідэнтам Кыргызстану Сааранбаем Джээнбекавым.

Аляксандр Папко, «Белсат»