Каранцін без панікі... «Каронавірус» зачыніў БНТУ


Каронавірус – ужо ў Беларусі. Медыкі выявілі інфекцыю ў студэнта БНТУ – грамадзяніна Ірану, які прыляцеў у Менск з Баку і 6 дзён ня ведаў, што ён – носьбіт каронавіруса. Маладзёна і людзей, якія з ім кантактавалі, змясцілі ў інфекцыйны шпіталь. Універсітэт зачынілі. Ці дастатковыя гэта захады бяспекі? Ці ёсць пагроза для рэшты насельніцтва Беларусі?

Беларускі нацыянальны тэхнічны ўніверсітэт. Студэнты выйшлі на перакур… сёння – першы дзень у павязках.

«Студэнта з Ірану ранкам забралі. У нас аднагрупнік ускосна, можна сказаць, з ім кантактаваў».

«Я бачыў у нас на тэрыторыі БНТУ дзве машыны «Хуткай дапамогі» стаяла».

«Страшнавата на самай справе, гэта сурʼёзны вірус і не хочацца нікуды трапляць».

На заняткі ў аўдыторыях студэнты вернуцца толькі 15 сакавіка. У будынку правядуць дэзынфекцыю. Частку студэнтаў і выкладчыкаў ужо ізалявалі. Жыхары Менску лічаць:

«Павінныя правесці дэзынфекцыю ў грамадскім транспарце, усіх установах, дзе маглі быць людзі з каронавірусам».

«Не веру я што мы ўратуемся. У гэтай сітуацыі трэба карыстацца здаровым сэнсам – глядзець сябе, сваіх сваякоў, і пазбягаць кантактаў з Людміла, якія маюць нейкія рэспіратарныя захворвання».

«Калі чалавек ездзіў у метро, а прыляцеў летаком, гэта ўсё не дэзынфекавалася, таму колькі на самой справе захварэлі, не вядома».

Дзяржава рапартуе, што на складах дастаткова сродкаў гігіены і лекаў, неабходных на выпадак абвастрэння сітуацыі з каронавірусам. А імавернасць заражэння ад іранскага студэнта міністр здароўя Уладзімір Каранік лічыць невялікаю:

«Выклікае аптымізм, што ў дадзенага студэнта не было кашлю. Асноўная крыніца заражэння – кашаль, калі вірусныя цела з макроццем разлятаюцца».

COVID-19 сярод суседзяў Беларусі – у Расеі, дзе 2 пацверджаныя выпадкі захворвання, і ў Літве – дзе выпадак адзін, зарэгістраваны сёння. Міністр аховы здароўя Літвы Аўрэліюс Вярыга паведаміў «Белсату»:

«Інфрастуктура для лекавання ў Літве адаптаваная. Мы маем пяць вялікіх больніц, у якіх ёсць вялікія аддзелы для лекавання інфекцыйных захворванняў. Аналізы на новы вірус мы неўзабаве будзем браць на даму».

У суседняй Украіне носьбітаў хваробы няма, калі зʼявяцца – краіна справіцца… – пры дапамозе прэпаратаў ад ліхаманкі Эболы – дапускае інфекцыяніст з Кіеву Віталь Янчэнка:

«Гэты прэпарат неўзабаве можа быць уведзены для лекавання каронавірусу. Ёсць таксама лекі супраць ВІЧ, клінічныя выпрабаванні якіх цяпер праводзяць. Бо каронавірус у некаторых рэгіёнах мае падабенства да ВІЧ-інфекцыі».

Эпідэмія новага віду каронавірусу-2019 пачалася летась у снежні ў кітайскім горадзе Ухань. Сёння выпадкі захворвання пацверджаныя ў пяцідзесяці краінах свету. 83 704 інфікаваных, 36 652 – выздаравелі і 2 858 асобаў памерлі. Змагацца за здароўе мае дзяржава, але і кожны з нас. Мыць рукі часцей, ды з антысептыкам, не дакранацца да слізістых носу і вачэй, рабіць вільготную прыборку, чхаць у локаць ці сурвэтку, лекавацца ад любога вірусу ўдома. Карыстацца маскаю…

«Калі чалавек хворы, ён абараняе іншых. Калі ён не хворы, навошта ён можа апранаць маску… У месцах вялікай навалы людзей, як лётнішча і вымушаная паездка, калі ён вымушаны быць сярод людзей і яму так спакайней», – кажа інфекцыяністка Аліна Воўчанка.

Найбольш спакойна будзе – прайсці тэст на наяўнасць «ворага» у крыві, калі вы лічыце, што маглі заразіцца ў замежжы… ці ў беларускай сталіцы.

Юлія Цяльпук, «Белсат»