Каралеўскае возера ў Горадні «павесілі» на арганізацыю без патрэбнай тэхнікі

Больш за два гады жыхары вуліцы Рэпіна ў Горадні звяртаюцца да чыноўнікаў з просьбамі аднавіць абмялелае возера ў іхным мікрараёне. Паводле гарадзенцаў, возера амаль цалкам высахла з невядомых прычынаў.

Мясцовая жыхарка Тамара Яскевіч распавядае:

«Яшчэ ў 2018 годзе я звярталася ад імя і на просьбу жыхароў раёну ў гарадскую адміністрацыю. Быў дадзены адказ, што возера будзе напоўненае вадой, зробленыя добраўпарадкаванні возера і нават фантан».

Сюжэт глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву»:

Але працы так і не распачаліся, кажуць мясцовыя жыхары.

«Як аказалася з адказу выканкаму, за дадзенае возера адказнасць ляжыць на дзвюх арганізацыях: «Гораднязеленбуд» і «Гораднярэмбудаўтадар». З нашага звароту ў «Гораднярэмбудаўтадар» мы даведаліся, што гэтая арганізацыя, на якую павесілі возера, не мае адпаведнай тэхнікі для таго, каб яго ўтрымліваць. Гэта яшчэ раз даказвае абсурд уладаў, якія вешаюць аб’ект на арганізацыю, якая не можа вырашыць праблему гэтага абʼекту», – тлумачыць мясцовы жыхар Ігар Банцар.

За год мясцовыя жыхары гэтак і не дачакаліся аднаўлення вадаёму, таму звярнуліся да чыноўнікаў яшчэ некалькі разоў.

«У лютым 2019 года мне далі адказ, што тут будуць весціся працы па добраўпарадкаванні, па запаўненні вадой. Ну, год заканчваецца, да канца года засталося ўсяго нічога, возера было ў кепскім стане, а становіцца яшчэ горай», – рэзюмуе Тамара Яскевіч.

Адказ на апошні калектыўны зварот мясцовыя жыхары атрымалі ў сярэдзіне кастрычніка. У звароце жыхары патрабавалі зрабіць вакол возера паркавую зону, аднак атрымалі адмову:

«У адпаведнасці з генеральным планам гораду Горадні дадзеная тэрыторыя належыць да зоны вытворчага прызначэння і ёсць санітарна-ахоўнай. Змены прызначэння тэрыторыі ў бліжэйшы час не запланавана».

Мясцовыя жыхары ўзбуджана выказваюцца:

«Прыемна, калі тут вадзічка. Сапраўды, каб была зона адпачынку, а не закінутае возера. І не будынак нейкі, нам не цікава каля будынкаў хадзіць, каля будынкаў мы можам побач з домам пахадзіць».

«Гэтае возера пераўтварылася ў балота і ўжо нават шпацыраваць вакол яго не так цікава, і нават калі летам, дык ужо пах зʼяўляецца ад ціны».

Яшчэ стагоддзе таму тут стаялі пабудовы адной з трох рэзідэнцыяў Станіслава Панятоўскага – Аўгустовак. Да сённяшніх дзён засталіся будынкі тагачаснай карчмы ды капліцы. Чаму ж вакол гэтага возера не стварыць парк апошняга караля Рэчы Паспалітай?

Гісторык Таццяна Касатая-Герасюк зазначае:

«Гэта будзе напэўна такое памятнае месца і для мясцовых жыхароў. Па-першае, яны будуць ведаць, дзе яны жывуць, і для іх гэта будзе можа такое развіццё лакальнага патрыятызму. Ну і для турыстаў, вядома».

Магчыма, у будучым вакол возера паўстануць інфармацыйныя стэнды аб гісторыі гэтага месца. А пакуль жыхарам вуліцы Рэпіна застаецца чакаць, калі мясцовыя ўлады задаволяць іхнае патрабаванне.

Мікола Дзямідаў belsat.eu

Глядзі таксама