Карагоды каля КДБ, спецсродкі супраць пенсіянераў. У Менску адбыўся марш мудрасці


Сёння ў Беларусі адбыўся традыцыйны Марш мудрасці. Але сілавікі не далі яму паўнавартасна адбыцца: перакрывалі дарогу, атачалі пенсіянераў і заціскалі ў кальцо, затрымалі некалькі чалавек.

Чарговы, дзявяты Марш мудрасці сабраў сёння некалькі сотняў чалавек. Людзей не застрашылі спробы жорстка разагнаць учарашні гэтак званы Марш суседзяў.

Пенсіянеры традыцыйна вырушылі ад Чырвонага касцёлу на праспект Незалежнасці, але неўзабаве сутыкнуліся з сілавікамі. Потым калона збочыла праз вуліцу Валадарскага на Раманаўскую Слабаду ў бок станцыі метро «Фрунзенская». Удзельнікі акцыі спявалі песню «Ідзе вайна народная». На меркаванне пратэстоўцаў, беларусам ізноў даводзіцца змагацца з фашызмам.

Марш мудрасці 30 лістапада 2020 г.
Фота: ТК / «Белсат»

Падчас пераследу на аднаго з сілавікоў наехаў аўтобус. Мужчына паваліўся, аднак хутка ўскочыў і пабег далей. Ці зафіксуюць дарожнае здарэнне – невядома. Супраць удзельнікаў мірнага пратэсту сілавікі ўжылі спецсродкі.

Другая частка ўдзельнікаў мірнай акцыі дайшла да будынку КДБ, дзе пачала вадзіць карагоды. Іх таксама выціснулі сілавікі. Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у часе Маршу мудрасці ў Менску затрымалі больш за 10 асобаў. Маршы куды меншага маштабу прыйшлі таксама ў Віцебску, Горадні, Берасці ды іншых гарадах.

Ігар Станкевіч, «Белсат»

Напішы журналісту ліст

Тры беларускія журналісткі ўтрымліваюцца цяпер за кратамі і маюць абвінавачванні паводле крымінальных артыкулаў: Кацярына Андрэева(«Белсат»), Дарʼя Чульцова («Белсат»), Кацярына Барысевіч (TUT.BY).

Адным з моцных спосабаў падтрымаць дзеўчын можа стаць ваш ліст да іх.

Куды пісаць:

Кацярына Андрэева (Бахвалава): 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Дарʼя Чульцова: 222160 г. Жодзіна, вул. Савецкая, д. 22а.

Кацярына Барысевіч: СІЗА № 1, 220030 г. Менск, вул. Валадарскага, д. 2.

Не забудзьцеся ўкласці ў ліст пусты канверт, каб дзеўчыны маглі вам адказаць. Дзякуем за вашую неабыякавасць!