Канвеер палітычных рэпрэсіяў не спыняецца


Судовыя працэсы – не спыняючыся – ідуць па ўсёй Беларусі. Ад пакарання за ўдзел у мірнай акцыі не застрахаваны ніхто.

У Горадні доктару гістарычных навук, прафесару Алесю Смаленчуку суддзя Ленінскага раёну Мікалай Сяргейка прызначыў 270 рублёў штрафу. Прафесара асудзілі за ўдзел у недазволеным масавым мерапрыемстве 20-га верасня.

Тады марш пратэстоўцаў трываў менш за гадзіну, пасля чаго жорстка былі затрыманыя некалькі дзясяткаў чалавек. На Алеся Смаленчука склалі пратакол і праз некалькі гадзінаў адпусцілі. Сёння, каб прыняць рашэнне, суддзя нават не выходзіў з залы.

«Калі Смалянчук сказаў, што ён гісторык ХІХ–ХХ стагоддзяў і проста пратэстуе супраць таго, што краіна скочваецца ў аўтарытарызм, суддзя пачуваўся няёмка. Але гэтая сістэма, гэты суддзя – чалавек сістэмы. Сістэма злачынная, суддзя максімальна стараўся паказаць сваю аб’ектыўнасць, але ўсё роўна асудзіў. І гэта ганьба», – кажа доктар гістарычных навук Алесь Краўцэвіч, які прыйшоў падтрымаць калегу.

Алесь Смалянчук прызнаў свой удзел у пратэсце, але не віну. На судовае паседжанне гісторык прыйшоў з рэчамі, якія маглі б спатрэбіцца на выпадак арышту.

«То бок можна мець з аднаго боку такую палёгку, што ўсё закончылася, і не так страшна закончылася. Але з іншага боку, цяжка зразумець да канца, за што судзілі, бо сам гэты выхад на вуліцу і шэсце – гэта проста пратэст людзей, якія шукаюць справядлівасці», – кажа Алесь Смалянчук.

Цяжка зразумець і логіку берасцейскіх суддзяў. Аляксандр Семянчук і Андрэй Грушко ўчора адправілі на дапрацоўванне справы журналістаў Максіма Хлябца і Рамана Чмяля, а сёння абодвух пакаралі арыштамі па 15 содняў. Пасля затрымання ў нядзелю падчас асвятлення пратэставага маршу яны трое содняў правялі ў ізалятары, але цяпер журналісты яшчэ на волі.

На волю выйшаў сёння палітык Анатоль Лябедзька пасля пятнаццаці содняў арышту, якія прызначыла суддзя Цэнтральнага раёну сталіцы Юлія Густыр. Прадстаўніка Святланы Ціханоўскай у справе канстытуцыйнай рэформы затрымалі 8-га кастрычніка за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Адбываў пакаранне Анатоль Лябедзька ў Баранавічах.

«Баранавічы, ці, як кажуць, Баранкі, – гэта СІЗА, там умовы спартанскія, бо гэта закінуты будынак. Пры польскіх часах, кажуць, там была канюшня, а цяпер аднавілі, для палітычных камеры зрабілі», – кажа Анатоль Лябедзька.

Палітык адзначыў, што на паляпшэнне стаўлення працаўнікоў СІЗА да арыштаваных, магчыма, уплывае тое, што пратэсты не спыняюцца і людзі працягваюць выходзіць на вуліцы, не зважаючы на затрыманні ды штрафы. Да таго ж, са словаў Анатоля Лябедзькі, сярод пакараных арыштам працаўнікі КДБ праводзяць своеасаблівае апытанне:

«Яны пытаюць, чаму людзі ідуць, чаму людзі зноў пойдуць, чаму яны не спрабуюць дабіцца пераменаў, не выходзячы на вуліцы, як яны ставяцца да эканамічнай сітуацыі, да падзеяў у Кыргызстане. Я думаю, што ўпершыню ўлада вырашыла зразумець, што хочуць людзі, пасля таго як сотні людзей выйшлі на вуліцы».

Людзі ж, на думку палітыка, настроеныя на перамены.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»