Канцлагер у «Воўчых норах»

Сілавікі, верныя Аляксандру Лукашэнку, рыхтуюць канцэнтрацыйны лагер для палітычна нелаяльных грамадзянаў – пад Івацэвічамі, на базе калоніі «Воўчыя норы». Пра гэта сведчыць апублікаваны аўдыязапіс праслушкі чалавека з голасам Мікалая Карпянкова, сённяшняга намесніка міністра ўнутраных справаў. На плёнку трапілі і іншыя прызнанні злачынстваў з боку сілавікоў.

Беларускія сілавікі забілі Аляксандра Тарайкоўскага – пра гэта сведчыць новая публікацыя ініцыятывы «BY_POL». У забойстве бяззбройнага дэманстранта прызнаецца чалавек, які голасам, манерай і словамі-паразітамі цалкам адпавядае Мікалаю Карпянкову, раней начальніку Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. На аўдыязапісе ад 30-га кастрычніка ён хваліць пісталет Ярыгіна. 100 штук паставіла Масква паводле адмысловай замовы Аляксандра Лукашэнкі. Пісталет можа страляць пластыкавымі і гумавымі кулямі.

«Атрымліваецца, кардонная скрынка наскрозь і крэсла наскрозь, атрымліваецца, і зразумела, чаго памёр гэты п’яніца і дэбіл, як яго?

[У гэты момант на запісе чутныя іншыя галасы: «Тарайкоўскі».]

– Так, Тарайкоўскі, так, п’яніца і дэбіл. Ён памёр, вядома, ад гумавай кулі, якая прыляцела яму ў грудзі», – кажа Мікалай Карпянкоў.

Сваім падначаленым Карпянкоў загадвае забыць пра нормы права, браць на дэманстрацыі баявую і траўматычную зброю і рабіць усё, каб абараніць Аляксандра Лукашэнку, ягоную сям’ю і атачэнне, службу бяспекі, дэпутатаў і сілавікоў.

«Таму, як прэзідэнт казаў, што калі прэ на цябе – ужывай зброю, вось, атрымліваецца, нелетальную. Ва ўпор: па нагах, у жывот, па яйцах. Каб зразумеў, што ён зрабіў, калі прыйдзе ў свядомасць. Ну нанясіце яму штосьці ў такім выглядзе: або скалечыць, або знявечыць, або забіць. Ужываць зброю яму проста ў лоб, проста ў лоб, проста туды, пасля чаго ён ніколі не вернецца ў стан, у якім знаходзіўся. Ну, адкачаюць, дык адкачаюць. Не будзе ў яго паловы мозгу, ну, туды яму і дарога», – інструктуе падначаленых Мікалай Карпянкоў.

На аўдыё Карпянкоў кажа, што Лукашэнка цалкам прыкрывае міліцыю і спецслужбы ў плане ўжывання зброі супраць дэманстрантаў. У Міністэрстве ўнутраных справаў ужо заявілі, што запіс – фэйк, а міліцыя ахоўвае парадак паводле закону.

«Агульны трэнд, які мы назіраем – усталяванне паліцэйскага, вайсковага становішча ў Беларусі. І тое, што там абмяркоўваецца, мы назіраем так ці іначай у сітуацыі выканання», – тлумачыць аналітык Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Таксама чалавек з голасам Карпянкова кажа пра стварэнне канцлагеру для палітычна ненадзейных, як ён кажа, «лішніх людзей» – пад Івацэвічамі, на базе папраўчай калоніі №22. І гэтае рашэнне прынялі на нарадзе ў Лукашэнкі.

«Ствараецца база звестак. У гэтай базе, хто трапіў другі раз, той павінен там і застацца. Сказана распрацаваць, зрабіць лагер, ну не для ваеннапалонных, не для інтэрнаваных нават, а лагер для асабліва востракапытных, такі для адсялення. І паставіць калючы дрот, атрымліваецца, па перыметры. Два памяшканні зрабіць: топка – паверх, кармілі – паверх, каб працавалі. Але там іх трымаць, пакуль усё не супакоіцца», – так Мікалай Карпянкоў пераказвае сваім падначаленым змест нарады ў Лукашэнкі.

Беларусы ведаюць пра гэтую публікацыю. На 16 апытаных «Белсатам» менчукоў толькі адна асоба не асудзіла дзеянні ўладаў і пабудову канцлагеру:

«Гэта падобна на праўду, сапраўды».

«Людзей хапаюць на вуліцы, з дзецьмі. Калек саджаюць. Такой несправядлівасці я ніколі не бачыла».

«Гэта нагадвае часы сталінскіх рэпрэсіяў, калі было поўнае беззаконне, невыкананне законаў».

«Чалавек мае права рабіць тое, што ў межах закону, і выходзіць на вуліцу, быць на пратэстах. І за гэта яго саджаць у лагер?»

«І хай ня ходзяць. І не трэба адчыняць… Мусяць разумець, што яны ходзяць па вуліцах, дзе няма танкаў, дзе зверху не страляюць, як дзесьці…»

Андрэй Астаповіч – стваральнік ініцыятывы «BY_POL», якая абʼядноўвае былых следчых, пракурораў і міліцыянтаў, пакуль не можа сказаць, адкуль аўдыёзапіс. Але сумневаў у ягонай даставернасці не мае.

«Сам Карпянкоў – яму тры разы не ўзгаднялі рапарт, працягу кантракту да ўсіх гэтых падзеяў. І ён мусіў паводле дасягнення ўзросту мусіў быць адпраўлены ў адстаўку. І ён, жадаючы застацца ў сістэме, пайшоў на гэтыя дзеянні, каб застацца на пасадзе», – распавядае Андрэй Астаповіч.

Арыгінал плёнкі ўжо аддалі на экспертызу ў органы Еўразвязу.

«Вы ствараеце гета з раёнаў гораду, адключаеце ў іх ваду і ацяпленне. Вы забіваеце людзей і плануеце арганізаваць лагеры, каб трымаць там нязгодных. Вы труціце нас у вашых турэмных камерах. Вы аддаяце загад: «І абавязкова з газам». Але ж вы самі разумееце: тэрарысты – гэта не тыя, хто выходзяць на вуліцу на мірны пратэст», – звярнулася да сілавікоў Святлана Ціханоўская, якую ў Еўразвязе і Паўночнай Амерыцы лічаць адзіным абраным лідарам беларускага народу.

«Мы перадамо гэты запіс у Раду Бяспекі ААН, Раду Еўразвязу, АБСЕ, Раду Еўропы, асобна – афіцыйным уладам Расеі і ЗША. Мы будзем ставіць пытанне аб прызнанні рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычным», – заявіў кіраўнік Народнага антыкрызіснага кіравання Павел Латушка.

Ініцыятыва «BY_POL» заклікае дзейных сілавікоў, у якіх засталося сумленне, дасылаць інфармацыю, фота і відэа пра злачынныя загады, скіраваныя супраць мірных грамадзянаў.

Яраслаў Сцешык, «Белсат».

Глядзі таксама