Кантрастная палітыка прэзідэнта Байдэна... з беларускаю павесткай


Першы дзень прэзідэнцтва Джо Байдэна ўвойдзе ў гісторыю як дзень рашучасці. Галава Белага дому падпісаў17 лёсавызначальных дакументаў, адмяніў некалькі важных рашэнняў Доналда Трампа. Першыя размовы Байдэна будуць з лідарамі краін-саюзніц. Настане дзень, калі амерыканскі прэзідэнт сустрэнецца і са Святланаю Ціханоўскай.

«Сёння дзень гісторыі і надзеі, абнаўлення і рашучасці», – прамовіў 46-ы прэзідэнт ЗША і ў першы ж дзень на пасадзе ўзяўся за падпісанне кантрастных бачанню адміністрацыі Трампа дакументаў:

«Некаторыя выканаўчыя дакументы, падпісаныя сёння, дапамогуць замяніць хаду каронавіруснага крызісу; мы будзем змагацца са змяненнем клімату так, як да гэтага часу яшчэ не рабілі; прасоўваць расавую справядлівасць і падтрымліваць іншыя малазабяспечаныя супольнасці. Гэта толькі стартавыя пункты», – сказаў Байдэн журналістам.

Між іншага дэмакрат вяртае ЗША у Сусветную гандлёвую арганізацыю, далучае да Сусветнай арганізацыі здароўя і да Парыжскага пагаднення аб клімаце. Скасаваная забарона на ўезд з 6-ці краінаў з пераважна мусульманскім насельніцтвам, не будзе будаўніцтва Мексіканскай сцяны і экалагічна спрэчнага трубаправоду Keystone XL… Пазітыўныя каментары прагучалі ад палітыкаў, арганізацыяў і кіраўнікоў шэрагу краінаў.

Канцлерка Нямеччыны Ангела Мэркель цешыцца:

«З прэзідэнтам Байдэнам мы маем значна больш магчымасцяў для палітычнага пагаднення – гэта робіцца зразумела пасля падпісання ім шэрагу ўказаў. Будзем працаваць разам у САЗ, над Парыжскім пагадненнем аб клімаце. Таксама ў пытаннях міграцыі ў нас, імаверна, будзе падобны пункт гледжання».

У цэнтральнай Еўропе таксама ёсць краіна, насельніцтва якой разлічвае і на больш шчыльнае сяброўства з ЗША, і на тэрміновую дапамогу ў прававым полі. Гаворка пра Беларусь, жыхары якой кажуць:

«Хаця б увесці санкцыі супраць ураду і супраць людзей, якія ўмяшаныя ў бягучую сітуацыю».

«Я думаю, што дапамога прыйдзе з іншага боку».

«Што робіцца, паглядзіце – баішся за сваіх дзяцей і ўнукаў. Хочацца добрага жыцця, спакойнага. Дай бог, каб склалася добра і нам дапамагалі».

«Што прэзідэнт такой дзяржавы не абыякавы да нас, ужо дае нам гонар».

У штабе Святланы Ціханоўскай і ў Каардынацыйнай радзе, якія імкнуцца наблізіць перамовы аб мірным сыходзе не прызнанай легітымнаю ўлады, лічаць, што Вашынгтон ужо вярнуў Беларусь у міжнародную палітыку праз падпісанне «Акту аб дэмакратыі ў Беларусі». На фінішы кампаніі Джо Байдэн 4 разы публічна ганьбіў рэпрэсіі супраць беларусаў. Вольга Кавалькова з КР зрабіла выснову:

«Супраца можа быць наладжаная на ўзроўні палітыкаў, якія цікавяцца Беларуссю. Ведаеце, я нават у Еўрапейскім звязе бачу, што мы досыць блізка, але жаданне падтрымліваць каштоўнасці ў Беларусі павіннае быць унутры чалавека».

Штодзённыя суды, калецтва, звальненні, штрафы і перапоўненыя турмы… Джо Байдэна не трэба пераконваць у тым, што праблема існуе, кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

«Могуць быць і эканамічныя, і персанальныя санкцыі, і ў прыватнасці, хачу нагадаць, што некалі ЗША ўводзілі санкцыі супраць прадпрыемстваў «Белнафтахіму». І тады гэта так раззлавала Лукашэнку, што ён павыганяў амерыканскіх дыпламатаў. Трэба гэтыя санкцыі размарозіць».

Кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог» Анатоль Лябедзька лічыць:

«Пэўная рашучасць Байдэна будзе, калі тут будуць актыўныя дзеянні.Найбольш моцны інструмент уздзеяння на сітуацыю знаходзіцца ў руках грамадзянаў Рэспублікі Беларусь».

А таксама ў руках тых, хто сябе ад грамадзянаў аддзяліў калючым дротам. Пляцоўка Арганізацыі бяспекі і супрацы ў Еўропе ўсцяж адкрытая дзеля пасярэдніцтва ў дыялогу бакоў.

Юлія Цяльпук, «Белсат»