Канстытуцыі – 26 гадоў. Змяняецца яна, а не кіраўнік краіны


Сёння – дзень Канстытуцыі. Але ўлады не надта афішуюць гэтае дзяржаўнае свята і праходзіць яно без урачыстасцяў і канцэртаў. Якую Канстытуцыю Вярхоўны Савет прыняў у 1994 годзе і ў якім выглядзе яна дайшла да сённяшняга дня – глядзіце ў матэрыяле Аляксандра Папко.

Менавіта на першай рэдакцыі Канстытуцыі, прынятай 15 сакавіка 1994 года, Аляксандр Лукашэнка прымаў першую прэзідэнцкую прысягу. Асноўны закон пасля больш як трохгадовых дэбатаў зацвердзіў Вярхоўны Савет 12-га склікання. Канстытуцыя абвяшчала Беларусь дэмакратычнаю прававой дзяржавай з падзелам уладаў.

«Рэферэндум – гэта вызначэнне галоўнага. Галоўнае эканоміка даўно вызначыла, але ў розумах палітыкаў, падаецца, гэта яшчэ не вызначана, таму даводзіцца высвятляць адносіны наконт Расеі», – казаў Лукашэнка ў траўні 1995-га.

Інтэграцыя з Расеяй і першыя змены ў Канстытуцыю – такія вынікі прынёс ініцыяваны Лукашэнкам рэферэндум 1995 года. Расейскую мову ўпісалі ў Асноўны закон як дзяржаўную, а прэзідэнт атрымаў магчымасць распускаць парламент.

Што і зрабіў у лістападзе 1996-га, пасля рэферэндуму, які даў яму права выдаваць дэкрэты і ўказы, вышэйшыя за прынятыя парламентам законы. Аўтарытарную ўладу Лукашэнка канчаткова замацаваў у Канстытуцыі восенню 2004-га. На чарговым рэферэндуме ён атрымаў права пераабірацца неабмежаваную колькасць разоў. Праз 15 гадоў нязменны кіраўнік дзяржавы заявіў, што Асноўны закон ізноў варта змяніць.

«Ці захацеў бы ты пакінуць гэтую Канстытуцыю свайму пераемніку? Я шчыра і проста кажу: не! Я б не захацеў, дый мы ўжо этап той прайшлі, калі нам патрэбная была моцная ўлада, якая сёння ёсць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка летась у красавіку.

Адмыслоўцы ўжо пішуць чарнавы варыянт новай Канстытуцыі – удакладніў у лістападзе кіраўнік дзяржавы.

Сюжэт Аляксандр Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 15 сакавіка