Канец трохгадовага змагання: Каплічы засталіся без школы


Кропка ў змаганні за школу ў Каплічах Гомельскага раёну. Каля 80 дзетак і надалей будуць ездзіць па веды за 30 кіламетраў ад дому. У рамонце ўласнай школы мясцовым канчаткова адмовілі пасля трохгадовай цяганіны з абласною вертыкаллю.

Штодня каля восьмай раніцы Наталля Пінчук прыводзіць сваю першакласніцу на гэты прыпынак, і бяжыць сюды на 15-ю з працы, каб сустрэць са школьнага аўтобуса…

«Наперадзе зіма… Гэта ж дарога, транспарт, невядома што… Для нас гэта вельмі цяжка, хацелася б, каб нас пачулі і ўсё ж адкрылі школу», – кажа жанчына.

Не станецца – расчаравала мясцовых дэпутатка Капліцкага сельсавету Роза Стрэльчанка. Ейнымі намаганнямі жыхары 3 гады змагаліся за рамонт прызнанага аварыйным будынку. Напярэдадні да яе звярнуўся намеснік старшыні Калінкавіцкага райвыканкаму Валянцін Васюта:

«Сказаў такія словы, што вы не хадзіце разам з бацькамі і не грукайцеся ва ўсе дзверы. Ніхто не будзе рамантаваць Капліцкую школу. На што я спытала: чаму? Атрымала адказ, што цягам трох гадоў будынак прыйшоў у непрыдатнасць, будынак рушыцца, надзьмуліся падлогі, сыплюцца сцены».

Пасля «часовага закрыцця на рамонт ці кансервацыю» школу не ацяплялі некалькі сезонаў. Ацаніць стан будынку знутры нашая камера не змагла, бо яго пільнуюць вартаўнікі. Генадзь Кавальчук, старшыня Капліцкага сельсавету:

«На самой справе ў Розы Віктараўны стос дакументаў : усе экспертызы, усе адказы, усё напісана. Вы паглядзелі тыя дакументы? – Глядзелі і чыталі».

На пачатку перапіскі, у рамонце яшчэ прыдатных для навучання памяшканняў адмаўлялі з-за недахопу грошай у мясцовым бюджэце. Каб дапамагчы ўладзе, у жніўні грамада адкрыла дабрачынны рахунак і ўжо назбірала 4 тысячы рублёў. Справу вывучалі некалькі дзяржаўных камісіяў, вёску наведвалі ўладныя дэлегацыі, лісты даляцелі да Адміністрацыі кіраўніка краіны. Жыхары хацелі адрамантаваць школу сваймі рукамі:

«Толькі б далі нам дазвол, больш нам нічога не было трэба».

Потым чыноўнікі спасылаліся на слабую дэмаграфію ў Каплічах, што зняпраўдзіла дэпутатка Стрэльчанка: з 900 жыхароў аграгарадка – 130 дзеці, 77 з іх – школьнікі. Роза Стрэльчанка, дэпутатка Капліцкага сельсавету:

«Я б канешне хацела, каб мяне пераканала нашае кіраўніцтва і вышэйшыя арганізацыя ў тым, што я не права. Няхай мне пакажуць, дзе ў Беларусі падвозяць дзяцей – 77 чалавек – у тры этапы, тры рэйсы ранкам і тры ўвечары».

Дзяцей падвозяць па веды ў тры мясцовасці – за 30 км, 22 км і 14 км ад дому. Мясцовыя падлічылі, што цягам гэтага часу аўтобусы «навозілі» дзяцей на $ 86 000. Хоць згодна з Законам, капліцкія дзеткі маюць права на ўласную школу, бо іх лік перавышае 50 асобаў. Варта далічыць вучняў з суседніх мясцовасцяў.

Міраслаў Кобаса, асветніцкае аб’яднанне «Фонд імя Льва Сапегі»:

«Людзі, якіх мы абіраем і якія паводле закону прадстаўляюць нашыя інтарэсы, не валодаюць фактычна аніякімі інструментамі ўплыву: у іх няма грошай і выканаўчых органаў. Усе мы, як грамадзяне і падаткаплатнікі слабыя перад дзяржаваю».

У сітуацыі з капліцкай школаю чыноўнікі праігнаравалі і пазабюджэтную магчымасць – сёлета Сусветны банк выдаткаваў € 90 млн на мадэрнізаванне рэгіянальных школ… Дзяцей пакінулі на прыпынку. Жыхары Каплічаў:

«У дзяцей няма дзяцінства, бо яны занятыя школаю і факультатывамі».

«Дзіця ідзе на прыпынак. Пераймаешся ўвесь час, як яно дайшло».

Асабліва ўзімку, калі на вуліцы цемра.

Юлія Цяльпук belsat.eu