Бʼючы па ўласных суграмадзянах, Лукашэнка бʼе і па сабе. І што найгоршае – па ўсёй Беларусі. Еўрапейскі Звяз рэзка адрэагаваў на масавыя рэпрэсіі супраць удзельнікаў мірных Маршаў недармаедаў, якія ахапілі літаральна ўсю нашую краіну. Паведамленні пра акцыі ды спробы іх здушэння зʼявіліся ў найбуйнейшых заходніх медыях.
Абʼяднаная Еўропа заклікае Лукашэнку спыніць рэпрэсіі супраць народу, даведзенага да адчаю галечай і выштурхнутага на вуліцу скандальным Дэкрэтам аб дармаедстве. Пра гэта ў каментары «Белсату» паведаміла прэс-сакратар Еўракамісіі Мая Кацыянчыч.
«Затрыманні ды турэмныя тэрміны ўдзельнікам мірных акцыяў пратэсту, улучаючы некаторых лідараў апазіцыі, актывістаў грамадскіх рухаў і журналістаў, наўпрост супярэчаць абавязкам, якія ўзялі на сябе ўлады Беларусі на шляху да дэмакратызацыі», – зазначыла прэс-сакратар.
Найперш пад рэпрэсіі трапілі апазіцыйныя палітыкі, праваабаронцы ды незалежныя журналісты. Таксама адбыліся шматлікія ператрусы і прэвентыўныя затрыманні мясцовых актывістаў. Між тым, гэткія паводзіны рэжыму Лукашэнкі ідуць у брыво рэкамендацыям, якія Еўразвяз прапаноўваў яшчэ летась у лютым, калі здымаў з афіцыйнага Менску санкцыі. Гэтак, у Швецыі шэраг праваабаронцаў запатрабавалі ад свайго ўраду неадкладна адрэагаваць на рэпрэсіі ў Беларусі.
Гэтак, сёння з адмысловым лістом да маршалкаў польскага Сейму і Сенату звярнуўся старшыня парламенцкай групы ў справах Беларусі Робэрт Тышкевіч. Палітык заклікаў улады краіны зрабіць усё магчымае дзеля неадкладнага вызвалення апазіцыйных лідараў: Юрася Губарэвіча, Анатоля Лябедзькі ды Віталя Рымашэўскага, якія за ўдзел у Маршах недармаедаў атрымалі па 15 содняў арышту.
«Гэта залежыць ад Лукашэнкі. Калі Лукашэнка выпусціць арыштаваных і не будзе іх караць, то пацяпленне застаецца магчымым, бо Захаду таксама яно патрэбнае, зважаючы на імперскую палітыку Расеі. Аднак калі Лукашэнка і надалей будзе ісці на злом галавы, то ён застанецца сам-насам з Уладзімірам Уладзіміравічам», – мяркуе Марʼя Пшэломец, публіцыстка з Польшчы.
З тым самым, з каторым ужо даўно не тое што не абдымаўся, але нават і рукі не ціснуў.
Валер Руселік, «Белсат», Dmitry Astakhov / TASS / Forum