Канец IT-краіны?


Пасля прэзідэнцкіх выбараў беларускія айцішнікі ўсурʼёз задумаліся аб змене месца жыхарства і працы. Спадар Уладзiмір працуе на адну з найбуйнейшых ІТ-кампаніяў Беларусі. За ўдзел у мірных акцыях пратэсту затрыманыя ягоныя знаёмыя, а жонка прынесла ўжо другі штраф за ўдзел у жаночых акцыях.

«Нават наша сямʼя сутыкнулася з тым, што затрымліваюць груба, пры гэтым не інфармуюць дзе што. Хоць я прыязджаў у РАУС, пытаўся дзе яна знаходзіцца, а мне ў твар кажуць «мы не ведаем», хоць яна знаходзілася ў 20 метрах», – узгадвае падзеі кіраўнік каманды распрацоўнікаў Уладзімір Кавальчук.

Блакаванне інтэрнэту на тры дні спаралізавала працу ягонай кампаніі. Каб перадухіліць у будучыні такія сітуацыі, фірма прадугледзела магчымасць экстраннага камандзіравання ключавых работнікаў – да 30 дзён ва Украіну. Хочаш цалкам пераехаць – кампанія таксама дапаможа.

«Знаходзіцца новае працоўнае месца, чалавеку робіцца запрашэнне, яго вядуць на новае працоўнае месца, дапамагаюць з жыллём і ўладкаваннем, пасля чаго ён фізічна пераязджае», – тлумачыць Уладзімір Кавальчук.

Многія кампаніі адчулі небяспеку пасля пагрозаў Лукашэнкі разабрацца з айцішнікамі, калі сціхнуць пратэсты, і арышту чатырох працаўнікоў кампаніі PandaDoc. «Яйкагаловым», як ласкава называе іх Лукашэнка, не даравалі фінансавага ды інтэлектуальнага падтрымання пратэстаў.

«Небяспечна таксама з пункту гледжання грошай… Гэтыя грошы могуць, як з «Белгазпрамбанкам»: прыйшлі і забралі проста грошы», – разважае дырэктар кампаніі «PRAS» Мікалай Тамашэвіч.

Парк высокіх тэхналогіяў могуць пазбавяць падатковых ільготаў. Замежныя інвестары ніколі не ўкладуцца ў стартап-праекты з нестабільнага рэгіёну. Таму каля двухсот кампаніяў ужо задумаліся аб рэлакацыі за межы краіны. Кампанія Мікалая кожны дзень атрымлівае з дзесятак лістоў і званкоў з розных краінаў з цікавымі прапановамі пераезду.

«І ва ўсіх варыянтах – розныя ўмовы. Хтосьці запрашае проста да іх пераехаць, хтосьці велізарныя прэферэнцыі прапануе, лепшыя, чым у нашым ПВТ. Напрыклад, «Астана ХАБ», там увогуле няма падаткаў, няма ніякіх адлічэнняў першы год», – распавядае Мікалай.

Краіны-суседкі не хаваюць сваёй цікавасці да беларускіх айцішнікаў. Латвія, Літва, Польшча запусцілі ўрадавыя праграмы, якія спрашчаюць і паскараюць працэс атрымання візаў, рэгістрацыі кампаніі, адкрыцця банкаўскіх рахункаў.

«Увесь сектар IT у Польшчы марыць пра тое, каб мець праграмістаў з Беларусі. Дакладна вядома, што такія маркі, як «Viber», «World of Tanks», стварылі беларускія праграмісты. Таму тут сапраўды вялізны попыт на гэтых прафесіяналаў», – кажа дырэктарка Дэпартаменту «Govtech Polska» Юстына Арлоўска.

Польшча прапаноўвае праграмы для фрылансэраў, для стартапаў і для вялікіх прадпрыемстваў. Буйным фірмам абяцаюць індывідуальны падыход з дапамогаю польскага агенцтва інвестыцыяў і гандлю. Тут гатовыя пракансультаваць, куды лепш перанесці свой бізнес, даць юрыдычную кансультацыю ды інтэграцыйную дапамогу.

«Ужо больш за дзясятак фірмаў да нас звярнулася па дапамогу. Пакуль што не магу назваць іх, але мы стараемся, каб яны атрымалі тое, чаго чакаюць», – падводзіць першыя вынікі Юстына Арлоўска.

Акрамя таго, звярнулася больш за 20 стартапаў, таму праграму іх падтрымання ў Польшчы будуць пашыраць. У Латвію выказала жаданне зʼехаць 12 кампаніяў, ва Украіну – каля двух дзясяткаў. ІТ-галіна прыносіць у Беларусь каля 6 % ВУП, страта нават паловы ва ўжо існым эканамічным крызісе стане несумненна адчувальным ударам для эканомікі.

Алена Пазняк, «Белсат»