«Кандыдаты пратэсту» падалі скаргі ў Вярхоўны суд


«Кандыдаты пратэсту», якім Цэнтрвыбаркам не дазволіў зарэгістраваць ініцыятыўныя групы, скарысталіся сваім законным правам скіраваць скаргі ў Вярхоўны суд. Рашэнне ЦВК яны назваюць незаконным.

Рашэнне аб адмове ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы для вылучэння кандыдатам у прэзідэнты Беларусі прынятае без законных падставаў. Гэткія скаргі ў Вярхоўны суд падалІ гэтак званыя кандыдаты пратэсту Вольга Мiкалайчык, Анжалiка Жалязнякова, Веранiка Мiшчанка, Iгар Кляшчук і Сяргей Фралоў.

«Мы заведама ведаем рашэнне, што нам адмовяць. Але няхай працуюць, адпрацоўваюць свае грошы. У той жа час мы збіраем кампрамат. Улада хутка зменіцца. І ўсё гэта будуць нашыя доказы», – кажа Анжаліка Жалязнякова.

Паводле старшыні Цэнтрвыбаркаму, не зарэгістравалі ініцыятыўных групаў перадусім у выніку парушэння прынцыпу добраахвотнасці пры іх фармаванні.

«Было адмоўлена ў рэгістрацыі ініцыятыўных групаў шэрагу прэтэндэнтаў, што парушылі парадак стварэння ініцыятыўнай групы, які заключаўся ў тым, што грамадзяне ўключаліся ў склад ініцыятыўнай групы без іх згоды», – сказала Лідзія Ярмошына.

«Кандыдаты пратэсту» бачаць прычыну ў іншым. «Улада спрабуе адсунуць усіх незалежных кандыдатаў, каб не даць людзям збірацца, абмяркоўваць яе ж», – гаворыць Валянцін Фралоў.

«Настолькі нас баяцца прапусціць нават на першы этап збору. Я вельмі рада. Значыць, мы моцныя. Яны разумеюць, што прыходзіць канец», – кажа Вераніка Мішчанка.

На гэты момант зарэгістравалі чатыры ініцыятыўныя групы: дзейнага кіраўніка Беларусі Аляксандра Лукашэнкі, лідара Ліберальна-дэмакратычнай партыі Алега Гайдукевіча, пенсіянера Уладзіміра Няпомняшчых і фермера Юрыя Ганцэвіча.

Канчатковую колькасць зарэгістраваных даведаемся ў чацвер. З гэтага ж дня пачнецца збор подпісаў у падтрыманне кандыдатаў.

З 20 чэрвеня да 4 ліпеня пройдзе вылучэнне кандыдатаў у прэзідэнты, рэгістрацыя – з 5 да 14 ліпеня.

Самое ж волевыяўленне запланавалі на 9 жніўня.

Анастасія Русецкая, «Белсат»