Кандыдаты пачалі агітацыю


Першыя агітацыйныя пікеты ў рамках выбарчай кампаніі. І першыя сустрэчы з выбарцамі, што прайшлі ў Магілёве, Гомлі і Менску. Якіх пераменаў жадаюць іх удзельнікі і які план прапануюць ім кандыдаты на прэзідэнцтва?

Тры чалавекі затрыманыя ў якасці падазраваных у «гвалце ў дачыненні міліцыянта», дваццаць дзве асобы цягам выбарчай кампаніі прызнаныя палітвязнямі, не менш за 129 чалавек пакараныя соднямі арышту, аднак выбары працягваюцца. Першы перадвыбарчы пікет каманды Святланы Ціханоўскай прайшоў ля Лядовага палацу ў Магілёве. Агітаваць тут абяцаюць штодзённа. Якую праграму прапаноўваюць выбарцам?

«Першае – гэта татальнае назіранне за выбарамі, другое – гэта вызваленне ўсіх палітвязняў. […] Калі Святлана Ціханоўская стане прэзідэнткай, то яна абвесціць перавыбары – сумленныя і адкрытыя», – распавядае давераная асоба Святланы Ціханоўскай Таццяна Сівачэнка.

На сустрэчу прыйшлі больш за 300 чалавек. Якіх пераменаў яны чакаюць у краіне?

«Што ў нас будуць новыя выбары, і народ зможа выбраць годнага чалавека, які будзе праводзіць эканамічныя рэформы і развіваць краіну».

«Каб мае дзеці працавалі, мелі годную зарплату, каб не з‘язджалі за мяжу, каб бабулькі-пенсіянеркі не хадзілі за таннымі таварамі, у сэканд-хэндзе не куплялі вопраткі!»

«Каб людзі не баяліся выказваць сваё меркаванне – гэта самае галоўнае. Мы заціснутыя поўнасцю!»

«Паглядзіце, як людзі ў Польшчы жывуць, у Прыбалтыцы жывуць! А як мы жывем? У нас выбару няма! 26 гадоў адныя абяцанкі!» – абураюцца жыхары Магілёва.

Ці маюць зарэгістраваныя кандыдаты шанцы перамагчы аўтарытарны рэжым ці хаця б дамагчыся саступак?

«Калі выбары будуць сфальсіфікаваныя (а няма ніякіх сумневаў, што яны будуць сфальсіфікаваныя), то абурэнне выштурхне людзей на вуліцы. І як сітуацыя будзе разгортвацца, складана ўявіць. Шмат што будзе залежаць ад таго, як будуць весці сябе лідары гэтай выбарчай кампаніі», – мяркуе эксперт Цэнтру еўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў.

Паплечнікі Святланы Ціханоўскай аб’ядналіся са штабамі незарэгістраваных удзельнікаў кампаніі – Віктара Бабарыкі ды Валера Цапкалы. Ці далучыцца да іх іншыя кандыдаты?

«Я лічу, што трэба ісці партызанскім метадам, які нам, беларусам, больш уласцівы. Гэта значыць адзінства мэтаў, пэўная каардынацыя, але пакуль розныя цэнтры могуць рухацца ў сваіх кірунках. Гэта значна лепей, бо гэта не дазваляе ўладзе адным ударам знішчыць усіх», – перакананы кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Дзмітрыеў.

У Гомлі правесці перадвыбарчую сустрэчу ўлады дазволілі ў Цэнтры інклюзіўнай культуры – на ўскрайку гораду. Аднак арганізатар сустрэчы Уладзімер Няпомняшчых прысутнічаць на ёй не змог.

«Яму патэлефанавалі з РАУСу, сказалі, што ёсць пратакол, трэба прыйсці і падпісаць. Ён адмовіўся, і, адпаведна, за паўгадзіны да сустрэчы яго затрымалі, адвезлі ў РАУС. Як я разумею, пратаколу на яго так і не склалі, аднак на сустрэчу ён так і не патрапіў» – распавядае праваабаронца Васіль Палякоў.

Агітавалі на сустрэчы не за нейкага кандыдата, а супраць Аляксандра Лукашэнкі.

«Жыццё ж адно, адно! 26 гадоў сышло ў нікуды. Я люблю сваіх дзяцей, я хачу, каб яны жылі па іншаму ў Беларусі!»

«Адчуваецца, што ўжо ў гэтым годзе народзіцца зусім іншая Беларусь, пачнецца зусім новая гісторыя», – спадзяюцца ўдзельнікі сустрэчы.

Ці ёсць у кандыдатаў план, каб гэтага дамагчыся?

«Тое, што сёння няма яснага агучанага плану дзеяння, шмат для каго з людзей з’яўляецца падставай для крытыкі тых кандыдатаў, якія былі зарэгістраваныя, і тых, з кім яны абʼядналіся. Я думаю, пакуль трэба сачыць за тым, што адбываецца на палітычным полі, і мець розум», – раіць Андрэй Ягораў.

Удзельнічаць у шоу «пракрамлёўскіх марыянетак, якое складаецца з хлопчыкаў-спойлераў і дзяўчатак-рагатушак, дазволіць сабе не магу», – напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» Ганна Канапацкая. Яна адмовілася ад удзелу ў тэледэбатах у сувязі з тым, што ўдзельнічаць у іх не будзе Аляксандр Лукашэнка. Заўтра ўсе кандыдаты мусяць перадаць свае праграмы ў СМІ.

Аляксандр Папко, «Белсат»