Кандыдатку ў дэпутаты вінавацяць у парушэнні на пікеце. Яна не правяла ніводнага


Перадвыбарчая агітацыйная кампанія набірае хаду: на вуліцы выходзяць групы падтрымання, у пераважнай бальшыні кандыдатаў у дэпутаты ад апазіцыйных палітычных сілаў. Яны ж і атрымоўваюць афіцыйныя папярэджанні акруговых выбарчых камісіяў.

Учора не выйшаў у радыёэфір запіс выступу, а сёння акруговая выбарчая камісія вынесла афіцыйнае папярэджанне – гэтак распачалася агітацыя кандыдаткі ў дэпутаты Чкалаўскай выбарчай акругі Менску.

«Папярэджанне за тое, што, нібыта, на маіх пікетах распаўсюджваюцца матэрыялы, якія не маюць ніякага дачынення да выбараў. Паводле іх меркавання, я, напэўна, павінная раздаваць грэчку з кансервамі, каб людзі за мяне прагаласавалі на выбарах, але такога не будзе», – кажа кандыдатка ў дэпутаты Аксана Юшкевіч.

Блакаванні запісаных выступаў на дзяржаўным радыё і тэлебачанні, а таксама афіцыйныя папярэджанні камісіяў у першыя ж дні агітацыйнай часткі выбараў – адметнасць сёлетняй кампаніі. Яшчэ адна кандыдатка атрымала папярэджанне, не правёўшы нават ніводнага пікету.

«Будзе разглядацца факт майго парушэння падчас пікетавання. Я «у сюрпрызе», як кажуць і чакаю на падрабязнасці: як можна парушыць заканадаўства пра пікеты, не правёўшы ніводнага пікета», – паведаміла кандыдатка ў дэпутаты Алена Церашкова.

Адмянілі выступ у тэлерадыёэфіры і двум кандыдатам ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ірыне Давідовіч і Уладзіміру Няпомняшчых. Ніякіх тлумачэнняў яны не атрымалі.

«Абодва выступы, якія знялі, утрымлівалі ў сабе заявы пра тое, што неабходна змяніць уладу. Нашая ўлада, наш рэжым – вельмі баіцца, што хтосьці скажа пра змену ўлады», – перакананая прэсавая сакратарка Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ганна Красуліна.

Вулічную агітацыю ў Менску найчасцей праводзяць апазіцыйныя актывісты, праўладных кандыдатаў заўважаюць рэдка і на кароткі час.

«Цікавы выпадак быў учора, здецца: мы выйшлі з пікетам да крамы «Дыянісій», стаялі там з 15.00 да 20.00. Дзесьці каля 18.00 з крамы вынеслі стэнд праўладнага кандыдата, скрыначку для зваротаў, а праз 55 хвілін усё занеслі назад. Здаецца – адпрацоўваюць, як звычайную чынавенскую працу», – паведаміў актывіст Еўрапейскай Беларусі Максім Вінярскі.

Восем зарэгістраваных кандыдатаў з «моладзевага блоку» на вуліцы пакуль увогуле не выходзілі. Мяркуюць, што агітацыя ў сеціве – не менш эфектыўная, дый папярэджанняў не даюць.

«Бачу эфектыўнасць, калі будуць дзясяткі тысяч праглядаў нашых ролікаў. Зараз у нас рэкардсмен Стас Шашок – яшчэ адзін кандыдат у Менску. Ягонае выступленне на тэлебачанні выкладзенае ў інтэрнэце і ўжо набрала 10 тысяч праглядаў. І вось гэта паказчык, што людзям цікава», – кажа кандыдат у дэпутаты Даніла Лаўрэцкі.

Кандыдаты ў дэпутаты, чые прамовы не прагучалі ў тэлерадыёэфіры дзяржаўных тэлерадыёкампаніяў, цяпер рыхтуюць позвы ў суды.

Галіна Абакунчык belsat.eu