Кандыдатаў у кандыдаты ўжо дзясяткі!


Такога не было нават у 2010-ым. Дакументы на ўдзел у прэзідэнцкай кампаніі падалі ўжо больш за 30 чалавек. Сярод іх – і дзеючы кіраўнік краіны.

Хто ж складзе яму канкурэнцыю, ды ці гатовыя нашыя грамадзяне аддаваць подпісы за гэтых кандыдатаў? Іх ужо 34, і лік расце! Заявы на рэгістрацыю ў Цэнтрвыбаркам сёння падалі ўдзельнікі ініцыятыўных групаў прэтэндэнтаў на ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах.

Адзін з іх – нязменны кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Дакументы ў ЦВК падаў дэпутат Алег Гайдукевіч. Ягоны бацька, экс-сенатар Сяргей Гайдукевіч, быў выбарчым спарынг-партнёрам Лукашэнкі ажно 4 разы.

Зарэгістраваць ініцыятыўную групу прыйшоў аўтар мэму «суворы беларускі турыст» Віталь Зялкоўскі, «фермер з казой» Юрый Ганцэвіч і паплечнікі блогера Сяргея Ціханоўскага. Сам блогер адбывае 15 содняў арышту за ўдзел у пратэставай акцыі.

Дакументы таксама падалі ажно 24 «кандыдаты пратэсту» – гэта паплечнікі старшыні Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) Міколы Статкевіча.

«А 12 гадзіне па нядзелях пачынаючы з 24 траўня ў цэнтрах усіх буйных гарадоў нашыя кандыдаты пратэсту будуць праводзіць пікеты-мітынгі! І кожны з вас здолее прыйсці туды і сказаць усё, што вам набалела. І ніхто вас не кране! Карыстайцеся гэтым падарункам, гэтай магчымасцю!» – заклікаў Мікола Статкевіч.

А вось цэнтраправыя сілы, якія праводзілі праймерыз з мэтай вылучыць адзінага кандыдата, ад удзелу ў выбарах адмовіліся. Прычына – улады перанеслі галасаванне на тры тыдні раней, чым планавалася.

«Нават маючы ініцыятыўную групу ў 5 тысячаў чалавек, немагчыма збіраць эфектыўна подпісы, калі жыхары Беларусі будуць проста адмаўляцца адчыняць дзверы кватэраў, пазбягаючы заражэння», – тлумачыць кіраўнік Руху «За Свабоду» Юрый Губарэвіч.

Ці не будуць баяцца грамадзяне падыходзіць да збіральнікаў подпісаў?

«Эпідэмія, кажуць. Як можна каго пускаць? Нікога не пускаю! Нават улады пускаць не буду!»

«Трэба, каб было паўтара–два метры паміж людзьмі. Як гэта будзе арганізавана – я не ведаю».

«Ініцыятыўныя групы не будуць так рызыкаваць і падстаўляцца, каб падазронага ці хворага чалавека ўключаць у свой склад. Я думаю, там менш рызыкі».

«Нікога не пускаю, жыву адна, нават участковаму дзверы не адчыняю, калі не бачу дакументаў! З гэтай прычыны і збіральнікаў не пушчу. Па-другое, лічу, што нашыя выбары – гэта выкідванне грошай на вуліцу!» – каментуюць жыхары Менску.

Замест удзелу ў выбарах зладзіць назіранне пастанавілі рух «За свабоду», партыя БНФ, хрысціянскія дэмакраты разам з Аб’яднанай грамадзянскай партыяй, «Зялёнымі», Партыяй свабоды і прагрэсу ды прафсаюзам радыёэлектроннай прамысловасці.

Актывісты кампаніі «Права выбару» будуць фіксаваць парушэнні на 300 участках – заявілі на ZOOM-канферэнцыі.

«Важным новым элементам будзе тое, што мы будзем фіксаваць парушэнні Сусветнай арганізацыі аховы здароўя. І мы будзем інфармаваць грамадзянаў Рэспублікі Беларусь пра выяўленыя парушэнні і пра тую небяспеку, якія яны могуць напаткаць, калі прыйдуць на тыя ўчасткі, дзе іх можа чакаць заражэнне каронавірусам», – паведаміў сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі.

Тэрмін падачы дакументаў на рэгістрацыю ініцыятыўных групаў заканчваецца заўтра.

Аляксандр Папко, «Белсат»