Кандыдат са Светлагорску ідзе на выбары, каб змагацца з цэлюлозным заводам


У Светлагорску прайшоў адзін з самых масавых перадвыбарчых пікетаў: кандыдат у дэпутаты Юрый Ляшэнка падняў вострую для мясцовых жыхароў тэму. Смурод псуе не толькі штодзённае жыццё светлагорцаў, але і здароўе.

Усё больш светлагорцаў гатовыя далучаецца дэпутата, які абяцае вырашыць праблему, што літаральна замінае дыхаць.

Супраць заводу беленай цэлюлозы, што паўстаў каля Светлагорску за кітайскія грошы, выступае сябра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Юрый Ляшэнка.

«Мусяць жыхары гораду сёння актывізавацца, бачыць, што насамрэч могуць існаваць развязанні праблемаў, што ёсць жывыя людзі, якія гатовыя працаваць і быць дэпутатамі, – кажа Ляшэнка. – Мы паспрабуем зрабіць замеры паветра. Таму што такіх лабараторыяў зараз у Светлагорску, у Беларусі няма».

Нават без замераў жыхары Светлагорску ведаюць, што смурод шкодзіць іхнаму здароўю. Сярод найбольш частых сімптомаў – боль галавы і млоснасць.

Мясцовыя ўлады сцвярджаюць, што завод беленай цэлюлозы не нясе ніякай шкоды. Яшчэ летась яны пераконвалі, што смурод неўзабаве знікне. Але гэтага не адбылося.

Праваабаронца з Салігорску Алена Маслюкова збіраецца адстойваць інтарэсы пацярпелых.

«Будзем спаганяць матэрыяльную шкоду за шкоду здароўю, якая была нанесеная людзям. Таму што мы прымусілі прызнацца кіраўніцтва заводу ў тым, што яны зрабілі незаконныя дзеянні», – заяўляе Маслюкова.

Паводле інфармацыі эколагаў і праваабаронцаў, на заводзе выкарыстоўваюць хлорную тэхналогію адбельвання – састарэлую ды шкодную для здароўя. Найгорш сябе пачуваюць жыхары Якімавай Слабады, што месціцца непадалёк заводу. У вёсцы адбылося ўжо некалькі пратэстаў, але безвынікова.

Вольга Жарнасек