Камуністы ледзь не пабіліся ля помніка Леніну


Постсавецкая Беларусь адзначыла свята Кастрычніцкай рэвалюцыі. Чырвоная дата ў дзяржаўным календары не замінае ніводнаму працоўнаму. Але ці «святкавала» насельніцтва падзею, якую шматлікія даследнікі лічаць ледзь не кропкаю адліку для некалькіх дзесяцігоддзяў камуністычных рэпрэсіяў?

Самае контраверсійнае свята – дзень Кастрычныіцкай рэвалюцыі, які адзначаем у лістападзе. Адным гэта – чырвоны дзень у календары, іншым – адназначна чорны. Але няма паразумення не толькі паміж крытыкамі і аматарамі Вялікага Кастрычніка: віцебскія камуністы ў святочны для сябе дзень ледзь не пабіліся ля помніка правадыра, высвятляючы, хто сапраўдны ленінец, а хто здраднік. Чым яшчэ адзначыўся гэты дзень?

Аркестр, туш! Узброеныя сцягамі ды транспарантамі чальцы БРСМу, прафсаюзаў ды Партыі камуністаў Беларусі прыйшлі «ускладаць кветкі да помніка Леніну за тое, што ён стварыў такую дзяржаву».

З падручнікаў гісторыі дзеці добра ведаюць, што «101 год таму беларускі пралетарыят і пралетарыят Расейскай Імперыі аб’яднаўся супраць буржуазнага грамадства ў змаганні за свае правы», – кажа ўдзельнік акцыі.

У руках народу ўлада пратрымалася нядоўга. Ужо ў 1918-ым годзе пастановаю наркаму «Аб Чырвоным тэроры» дзяржаўнаю палітыкай зрабіліся палітычныя рэпрэсіі. А пасля ўмацавання ўлады гэтага чалавека рэпрэсіі супраць розных сацыяльных груп набылі масавы характар.

«А лідар, які знішчыў 50 млн. насельніцтва – гэта як?» – пытае рэпарцёр.

Удзельнікі афіцыйнай акцыі: «Што вы выдумалі? Падманваеце! Знішчыў толькі 3-4 млн. чалавек, і гэта былі здраднікі, якія Расею ліквідоўвалі».

Удзельнікі афіцыйнай акцыі не вераць, што толькі ў Менску – прынамсі восем месцаў масавых расстрэлаў НКУС творчай і працоўнай інтэлігенцыі. У Курапатах, паводле сярэдняй ацэнкі, забілі каля ста тысячаў чалавек. На загад Сталіна.

«Ён там нічога не рабіў. Рабілі ягоныя карнікі, каты. – Фашысты, нацысты – так», – заяўляюць удзельнікі афіцыйнай акцыі.

З сусветна вядомымі доследамі азнаёмленыя ўдзельнікі іншай «пракастрычніцкай» акцыі. Сталіна яны асуджаюць, а натхняльніка рэвалюцыі – Уладзіміра Леніна – прыйшлі ўхваліць:

«Ленін таксама… Бачым ягоныя подпісы на пратаколах расстрэлаў», – кажа рэпарцёр.

«Дакладна так! Бо Ленін быў кіраўніком ураду дзяржавы, якая ваявала! І калі хлопцы развязалі «Белы тэрор» летам 1918-га года, то ў адказ у верасні атрымалі «Чырвоны тэрор», – тлумачыць Сяргей Вазняк, партыя левых «Справядлівы свет».

Абаронцы няўдала выкарыстанай камуністамі марксісцкай дактрыны раяць беларусам 7 лістапада патрабаваць ад дзейнай улады выканання сацыяльных правоў і гарантыяў. Але на плошчу мала хто пайшоў. Што думаюць пра 7 лістапада менчукі?

«Для нашай сямʼі гэта больш намінальнае».

«Лішні выходны нікому не шкодзіць, я мяркую. Добра, у любым выпадку, з дзецьмі пабыць».

«Гэта вольны дзень, у нас іх не так шмат, таму цешымся».

«Якая б яна не была, усё роўна застаецца гісторыяй. Таму мы ўсё адно адзначаем».

Яшчэ адная прычына – засталася на пачатку карʼеры Аляксандра Лукашэнкі. Распавядае гісторык Анатоль Сідарэвіч:

«Камуністы вельмі дабіваліся, каб былі скасаваныя Дзяды, а на месца вярнулі 7-га лістапада. І Лукашэнка за іх падтрымку адпаведна заплаціў».

І сёння пра гэта не шкадуе. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мы ў свой час пэўна мудра зрабілі, калі пакінулі гэтае свята ў нашай гісторыі і не кідаем у яе камяні».

Не кідае камянёў і Расея, але на фоне контраверсійных меркаванняў вывела 7-га лістапада са спісу выходных, святочных. Праўда, для тых, хто памятае, парад афіцыйная Масква ўсё ж зладзіла.

Юлія Цяльпук, belsat.eu