Каму і навошта хлусяць улады, што Беларусь баіцца агрэсіі Захаду?


Міністр абароны Расеі ўжо каторы раз заяўляе пра пагрозу з боку НАТА Расеі, а значыць, і Беларусі. Але ці сапраўды ўлады Беларусі гэтак баяцца агрэсіі з боку Захаду? Ці ўсё-такі больш праблемаў ад непрадказальных дзеянняў усходніх саюзнікаў?

Сяргей Шайгу прыбыў у Менск на калегію міністэрстваў абароны Беларусі ды Расеі. Ён заявіў, што планы польскага ўраду размясціць на сталай аснове на сваёй тэрыторыі дывізію ўзброеных сілаў ЗША контрпрадуктыўныя і не спрыяюць захаванню стабільнасці і ўмацаванню рэгіянальнай бяспекі. Да таго ж Шайгу адзначыў, што яго хвалююць вучэнні краінаў Паўночнаатлантычнага Альянсу, якія адбываюцца ўсё бліжэй да Расеі. Сяргей Шайгу, міністр абароны Расеі:

«Вайсковая актыўнасць НАТА каля нашых межаў дасягнула нечуванага ўзроўню з часу халоднай вайны. Палітыка альянсу накіраваная на ўзмацненне сваёй перадавой вайсковай прысутнасці на ўсходнім флангу».

Паводле Шайгу, на гэткія дзеянні НАТА Расея рыхтуе адказ, аднак пакуль не вельмі зразумела, у якой форме. Яшчэ адным пытаннем, якому расейскі міністр абароны мусіў надаць увагу падчас перамоваў у Менску, – гэта магчымы выхад Злучаных Штатаў з дамовы аб ракетах малой і сярэдняй дальнасці.

«Расея разглядае і мусіць разглядаць як сурёзнага праціўніка і рыхтавацца да процідзеяння. Але я думаю, што гэтая кампанія мае пад сабою яшчэ і ўнутрыпалітычны кантэкст. Эканамічная сітуацыя ў Расеі грае тут вельмі вялікую ролю», – расказвае Аляксандр Алесін, незалежны вайсковы аглядальнік.

Адмыслоўцы сцвярджаюць, што расейская жорсткая рыторыка ў вялікай ступені скіраваная на ўнутраны рынак – падтрыманне вобразу крэпасці ў аблозе. Заявы ж з боку Беларусі пра занепакоенасць пагрозамі ва ўсходнееўрапейскім рэгіёне – хутчэй палітычныя рэверансы перад саюзнікам, каб прадэманстраваць лаяльнасць у абмен на эканамічныя прэферэнцыі. Ці сапраўды беларусы вераць у натаўскую пагрозу?

«Не, канечне. Гэта відавочныя рэчы, яны зразумелыя ўсім».

«Яны не палохаюць, але, як кажа Лукашэнка, трэба порах трымаць сухім».

«Не варта баяцца».

«Ды мы нікому не патрэбныя, навошта на нас нападаць? Мы не небяспечныя».

«Хутчэй з Усходу ёсць пагроза. З Захаду – не».

Што да пагрозы з Усходу, дык, на меркаванне экспертаў, пакуль няшмат падставаў казаць пра высокую імавернасць размяшчэння расейскай вайсковай базы ў Беларусі – хоць гэтага неаднаразова патрабаваў Крэмль. Адпаведна, пакуль не варта казаць пра армянскі сцэнар, калі ўся сфера нацыянальнай бяспекі практычна падпарадкаваная Расеі пры захаванні адноснай унутранай свабоды.

Віталь Цыганкоў, аглядальнік радыё «Свабода», тлумачыць:

«Беларускае кіраўніцтва імкнецца не павялічваць, а памяншаць па магчымасці вайскова-стратэгічны ўплыў Расеі на беларускую сітуацыю і на беларускае геапалітычнае становішча, але пры гэтым мець расейскія эканамічныя дывідэнды. Вось у гэтым усё хараство і ўсе праблемы беларуска-расейскіх стасункаў».

Аднак з кожным годам балансаваць на палітычным полі ды паспяхова прадаваць «натаўскую пагрозу» і дэкларатыўнае падтрыманне Расеі ў абмен на фінансавую дапамогу робіцца ўсё цяжэй.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu