Каманда Аляксандра ды Мікалая Лукашэнак хоча ў 13 раз выйграць свой жа хакейны турнір


У Менску праходзіць 16-ы Калядны турнір па хакеі на прызы кіраўніка Беларусі. Ёсць на ім і каманда Аляксандра ды Мікалая Лукашэнак, якая пасля дзвюх перамогаў – у паўфінале спаборніцтва. І імаверна ў чарговы, ужо ў 13 раз выйграе свой жа турнір. Каму патрэбны такі хакей? І хто плоціць?

«Менск літаральна жыве і дыхае зорным хакеем!» – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Любіць хакей на словах і на справе! Шаснаццаты раз Аляксандр Лукашэнка збірае сяброў-хакеістаў у Менску. У сёлетнім Калядным турніры на прызы кіраўніка Беларусі, апрача каманды гаспадароў, удзельнічаюць 12 дружынаў. Сярод іх Фінляндыя, Расея, Украіна, Швейцарыя, Кітай, Арабскія Эміраты, Міжнародная федэрацыя хакею, першы раз удзел бяруць Злучаныя Штаты. Толькі ці менавіта спорт – галоўнае на Калядным турніры?

«Гэта палітыка і піяр! Такім чынам спрабуюць зарабіць сабе прэстыж, але калі б гэты турнір меў хоць нейкае значэнне то міжнародная федэрацыя хакею даўно б узяла яго пад сваё крыло!» – зазначае Сяргей Южык, спартовы аглядальнік выдання «Прессбол».

Прызы ж у Аляксандра Лукашэнкі не толькі для хакеістаў. Вось гэты хлопчык хацеў у падарунак прэзідэнцкую клюшку. І атрымаў!

А што пра захапленне хакеем кіраўніка краіны думаюць жыхары сталіцы?

«Гэта ж наш самы лепшы хакеіст і ён выходзіць каб перамагчы. Каб адставіць радасць свайму народу, будзем за яго заўзець! Канешне НЕ!»

« Можа яму здароўя яно дае?»

«На самой справе мне падаецца прэзідэнт павінен займацца сваім справамі. Думаць пра эканоміку і развіццё краіны».

«Дзеля відовішча можа, як у старажытным Рыме!»

«Як Уладзімір Пуцін, так і Лукашэнка гуляюць у хакей і забіваюць шайбы ўсе апошнімі. Ну як вам сказаць, усё гэта паказуха проста!»

Журналіст Віталь Цыганкоў кажа, што асноўная мэта турніру – прынесці хоць некалькі дзён задавальнення для Аляксандра Лукашэнкі!

«І тое што заганяюцца на гэты турнір гледачы, тое што трацяцца вялікія грошы для прыезду гэтых аматарскіх камандаў з самых разных краінаў свету ўсё гэта паказвае, што часам для сваіх нейкіх «прыхамацяў» і дробных слабасцяў Аляксандр Лукашэнка гатовы не шкадаваць бюджэтныя грошы», – кажа Віталь Цыганкоў, аглядальнік «Радыё свабода».

Зрэшты, знайсці інфармацыю пра бюджэт турніру, а таксама пра спонсараў не так і проста.

«Такіх дадзеных ніхто не дасць, мы нават не можам даведацца колькі замежных гасцей, і гледачоў прыязджае на турнір, бо калі апублікаваць гэту лічбу то будзе мінус! А шматлікія беларусы пачнуць задумвацца, што іх можна было б укласці ў нешта іншае!» – зазначае Сяргей Южык, спартовы аглядальнік выдання «Прессбол».

Хоць сам кіраўнік Беларусі называе Калядны турнір аматарскім, вядома, што ў ягонай камандзе ёсць прафесіяналы. Гэтак, сёння трэнер хакейнага салігорскага «Шахцёра» паскардзіўся, што ў дружыну Лукашэнкі забралі двух лідараў ягонае каманды.

Кірыл Смяглікаў, «Белсат»