Калядныя вакацыі ў Ірландыі для дзяцей Чарнобылю


Калядныя вакацыі ў Ірландыі распачаліся для некалькіх дзясяткаў дзяцей і падлеткаў з абмежаванымі магчымасцямі. Арганізоўвае святочную паездку ўжо які год ірландская міжнародная арганізацыя «Chernobyl Children International».

Каляды без Ігара – не Каляды, сцвярджае ірландка Мэры Кокс, адная з тых, хто ў гэтыя дні прымае дзяцей з Беларусі. Ігару Шадзькову 17 гадоў. Ён нарадзіўся значна пазней за выбух на Чарнобыльскай АЭС, але цярпіць ад яго наступстваў. Мэры Кокс, валанцёрка з Ірландыі, распавядае:

«Калі мы першы раз прымалі Ігара, яму патрэбная была медычная дапамога. У яго была рана на назе, праз якую яму пагражала ампутацыя. З таго часу нашая сям‘я закахалася ў яго, і ён прыязджае да нас на тры тыдні на Каляды і на чатыры – улетку. Ігар стаў важнаю часткай нашай сям’і»

Ігар жыве ў Веснаўскай школе-інтэрнаце для дзяцей з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця на Магілёўшчыне. Сёлета ірландская сям’я чакала хлопца з асаблівым нецярпеннем, бо ў падарунак яму падрыхтавалі новы інвалідны вазок.

«У Ігара быў вазок, які некалькі гадоў таму падарыў спонсар, але хлопец з яго ўжо вырас. Цяпер якасць жыцця Ігара мае палепшыцца, бо новы вазок можна будзе рэгуляваць у залежнасці ад росту чалавека. Мы вельмі радыя, што знайшоўся спонсар, які дапамог набыць гэты вазок для Ігара», – кажа Мэры Кокс.

Арганізацыя «Chernobyl Children International», створаная для дапамогі дзецям, якія пацярпелі ад наступстваў чарнобыльскай катастрофы, узяла шэфства над выхаванцамі школы ўжо некалькі дзесяцігоддзяў таму. Дзякуючы валанцёрам сотні беларускіх дзяцей, якім патрэбны клопат і падтрыманне, знайшлі ў Ірландыі сяброў.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu