Калядны трамвай павіншаваў менчукоў


Трамвайчык, які завязе цябе ў казку: хіба гэта не цуд? І гэты цуд на адзін дзень ператварыўся ў жыццё: навагодняя атмасфера, калядная музыка, віншаванні ды абвесткі ад беларускіх артыстаў – і ўсё гэта для стварэння святочнага настрою!

Упрыгожаны гірляндамі, сцяжкамі ды яскравымі налепкамі, калядны трамвай пусцілі з раніцы маршрутам Змітрака Бядулі – Возера. Сёння гэтым шляхам і гэтым трамваем можна было праехаць без білета.

«З якой мэтай? Каб паказаць беларусам, што ёсць беларуская мова, каб паказаць беларусам, што ёсць бясплатныя цуды, што можна не проста ехаць з сумнымі тварамі на працу, што можна ўсміхацца. І мы рэальна гэта бачылі!», – кажа Алесь Сьнег, дырэктар «Арт Сядзібы».

Пасля ж 15:00 гадзіны арганізатары зладзілі ў трамвайчыку віншавальны канцэрт-калядкі з падарункамі ад «Аліварыі».

Трапіць на яго можна было, прайшоўшы кўіз у Instagram, які запусцілі ў мінулую пятніцу.

Менчукі таксама ў захапленні ад гэтай ідэі:

«Я сама калядавала шмат гадоў у іншым фармаце па хатах. А цяпер мне падабаецца, як гэта ў гарадскім фармаце ператварылася ў такі цуд, невялікі цуд у трамвайчыку».

«Эмоцыі толькі пазітыўныя, бо я толькі ў дзяцінстве некалі з сям’ёй калядавала, але паміж суседзямі. А ў горадзе ніколі не бачыла. А калі гэта яшчэ і трамвай – то гэта ўвогуле цікава паназіраць».

«Гэта вельмі незвычайна, вельмі пазітыўныя эмоцыі, шмат людзей, усе вясёлыя, радасныя».

Гэта ўжо не першая імпрэза «Арт Сядзібы», якую ладзяць у менскіх трамваях. Яшчэ сёлета да Дня святога Валянціна па сталіцы ездзіў трамвай для закаханых, таксама ладзіліся гістарычныя экскурсійныя паездкі. І гэтая імпрэза хіба ў самым рамантычным відзе транспарту – не апошняя, як абяцаюць арганізатары.

Музыка Сяржук Доўгушаў са свайго боку таксама віншуе беларусаў:

«Шаноўныя беларусы, віншую з Калядамі і Новым годам! Я ад сябе пажадаю цудаў і незалежнасці».

Марыя Арцыбашава belsat.eu