Каля траціны беларусаў працуюць не па спецыяльнасці


Амаль кожны трэці беларус працуе не па спецыяльнасці. Гэткую несуцяшальную карціну цягам апошніх гадоў фіксуе Белстат. Чаму сфера дзейнасці і атрыманая прафесія беларусаў гэтак часта не супадае? І што варта ўмець, каб быць цікавым працадаўцу?

Каля траціны беларусаў працуюць не паводле спецыяльнасці, атрыманай ва ўніверсітэце. Некаторых сучасных прафесіяў у нас яшчэ нават і не выкладаюць.

Паводле дыплому Марына архітэктарка. Шукаць сябе ў іншым рэчышчы пачала калі адчула: прафесія вымагае процьму часу, а задавальнення не дае. Вырашыла паспрабаваць сябе ва ўрбаністыцы ў Стакгольме.

«Урбаністыка ў фармальнай адукацыі ў нас не прадстаўлена, на жаль. Ёсць архітэктурны факультэт, які дае нейкія базавыя веды, што такое горад, горадабудаванне, урбандызайн. Але асобных праграм па ўрабаністыцы ў нас няма, таму прыходзіцца за такой адукацыяй трэба ехаць за мяжу», – распавядае Марына Сяменчанка.

Паводле звестак Белстату, апошнія тры гады 25-30 адсоткаў беларусаў мяняюць прафесію. Некаторыя прыходзяць да гэтага раней, чым атрымліваюць першы дыплом. Яны не ўпэўненыя, што абраная імі спецыяльнасць зможа іх забяспечыць або зрабіцца справаю жыцця.

«Не магу спыніцца на чымсьці адным. Мне гэтага не хапае».

«Так, каб я скончыла мастацкую адукацыю і цяпер да 50 гадоў і далей буду толькі маляваць – не магу сказаць».

«Падчас навучання ва ўніверсітэце я зразумела, што гэта прафесія – не зусім тое, чаго я чакала».

«Я працую па спецыяльнасці таму, што атрымалася знайсці сферу, у якой мая прафесія прыносіць карысць», – так менчукі ставяцца да сваёй спецыяльнасці паводле адукацыі.

Цяпер у попыце не толькі асноўныя веды, але і софт скілс, то бок крытычнае мысленне, уменне адаптавацца для новых задач і мажлівасць наладжваць новыя кантакты.

Па новыя веды сягаюць не толькі ўчорашнія абітурыенты, але і людзі сталага веку. Вольга Раманава, кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыі» ECLAB адзначыла, што ніякага эйджызму ў адукацыі няма:

«Калі малодшым студэнтам каля 18 гадоў, а ў гэтым годзе да нас паступіла жанчына, па-мойму, 49 гадоў, калі ёсць такі роскід, то з’яўляецца вельмі цікавы абмен жыццёвым досведам. І кожны атрымлівае нешта сваё».

Сярод прафесіяў будучыні ў Беларусі называюць не толькі галіну ІТ, а яшчэ лагістыку, архітэктуру, будаўніцтва, інжынерную сферу, аналітыку і сэрвісныя спецыяльнасці. У адукацыі будзе больш нелінейных тэндэнцыяў – калі чалавек атрымлівае навыкі не праз установу, а з іншых крыніцаў.

Марыя Грыц, belsat.eu