Каля двух тысяч сілавікоў затрымлівалі экс-прэзідэнта Кыргызстану Алмазбека Атамбаева


Каля двух тысяч сілавікоў, у тым ліку Спецатрад хуткага рэагавання, бралі ўдзел у затрыманні экс-прэзідэнта Кыргызстану Алмазбека Атамбаева. Палітык здаўся, каб не справакаваць ахвяраў. Яшчэ ўдзень ён вінаваціў улады ў беззаконных дзеяннях і заклікаў да мірных пратэстаў у Бішкеку.

«Калі яны плююць на законы ў дачыненні экс-прэзідэнта Атамбаева, то, вядома, простых людзей яны будуць за бараноў лічыць. Гэтае бяспраўе трэба спыніць», – заявіў Алмазбек Атамбаеў.

Улады краіны заявілі аб непасрэднай датычнасці Атамбаева да незаконнага вызвалення крымінальнага аўтарытэта Азіза Батукаева ў 2013 годзе і некалькіх карупцыйных злачынствах. Напрыканцы чэрвеня парламент рэспублікі зняў недатыкальнасць з экс-прэзідэнта. Палітыку пагражае пажыццёвае зняволенне.

Ноччу прыхільнікам Атамбаева ўдалося адбіць атаку спецназу, захапіўшы і пратрымаўшы ў закладніках шасцярых сілавікоў больш за 12 гадзінаў. У выніку няўдалай спробы затрымання былога прэзідэнта Кыргызстану 7 жніўня раненні атрымалі 52 асобы, 1 спецназавец загінуў.

«Учора спецназ праявіў жудасную жорсткасць. Яны мэтанакіравана стралялі па канкрэтных людзях. Таму захады ў адказ былі адэкватныя», – кажа прыхільнік экс-прэзідэнта.

Прэзідэнт Кыргызстану Сааронбай Жэенбекаў у чацвер раніцай правёў пасяджэнне Савету бяспекі, на якім абвінаваціў свайго папярэдніка ў грубым парушэнні Канстытуцыі:

«Атамбаеў і ягоныя прыхільнікі аказалі ўзброены супраціў з выкарыстаннем агнявой зброі. Яны выйшлі далёка за межы прававога поля».

Некалі паплечнікі, экс-прэзідэнт Атамбаеў і ягоны пратэжэ – цяперашні кіраўнік краіны Жэенбекаў – ступілі на сцежку адкрытага канфлікту ў пачатку чэрвеня. Былы кіраўнік краіны назваў свайго пераемніка нелегітымным прэзідэнтам, а парламент – «смаркатым».

«Калі ты сыходзіш з улады, ты сыходзіш з улады канчаткова. Пераемнік, якога ты пакідаеш замест сябе, ніколі не пагодзіцца на ролю другой асобы пры адстаўным лідары краіны. Спроба захаваць уплыў не толькі на народ, але і на эліту. Таму ўзгадалі ўсе ягоныя грахі, якія ёсць у кожнага былога прэзідэнта», – тлумачыць палітолаг Аляксандр Фядута.

Атамбаеў прыйшоў да ўлады ў 2011 годзе на хвалі пратэстаў, у выніку якіх быў зрынуты ягоны папярэднік – Курманбек Бакіеў. Да Бакіева кіраваў Аскар Акаеў, які пасля Рэвалюцыі цюльпанаў у 2005 годзе быў вымушаны напісаць заяву аб добраахвотнай адстаўцы.

Бакіеў з сям’ёй збег з краіны і на запрашэнне Лукашэнкі жыве ў Беларусі. На радзіме ў дачыненні экс-прэзідэнта Кыргызстану распачалі некалькі крымінальных справаў і тройчы завочна асудзілі. Акаеў знайшоў прытулак у Расеі. На радзіме ён і ягоныя сваякі сталі фігурантамі 106 крымінальных справаў.

«Цяпер у Масквы вельмі непрывабная сітуацыя. Яна выступала свайго роду гарантам бяспекі Атамбаева і адначасова гарантам паўнамоцтваў трансферу ўлады да Жэенбекава», – дадае палітолаг Аляксандр Фядута.

Менавіта таму, на думку эксперта, Крэмль не будзе пакуль умешвацца ў палітычнае супрацьстаянне ў Кыргызстане.

Дзяніс Шпігаў, Віталь Бабін, belsat.eu