Аб'ектыў 14.12.2019 Калісьці яе прызналі 10-мільённай беларускай. Вось пра што марыць гэтая жанчына


Алена Андрушкевіч у сваёй кватэры. Фота – «Белсат»

Трыццаць чатыры гады таму ў Беларусі нарадзіліся 457 чалавек, і кожнага з іх прызналі дзесяцімільённым жыхаром. Адна з іх – Алена Андрушкевіч. Яна жыве ў Менскім раёне, працуе настаўніцай беларускай мовы і гадуе дваіх дачок.

Пасля буму нараджальнасці ў сярэдзіне 80-х колькасць беларусаў яшчэ некаторы час павялічвалася і дасягнула піку ў 1994-м. А потым усё пайшло на спад. Ці дачакаемся мы зноў дзесяцімільённага беларуса – вялікае пытанне.

«Я б хацела мець вялікую сям’ю, і калі так станецца, што будуць яшчэ дзеці, то, канечне, буду рада. Тым больш, што такое маё захапленне вялікай сямʼёй падзяляе мой муж», – кажа Алена Андрушкевіч.

Змяншэнне насельніцтва адбываецца перадусім праз падзенне нараджальнасці. Прычыны ў асноўным эканамічныя і сацыяльныя. А часам жанчыны проста баяцца нараджаць, кажа сацыёлаг Алена Арцёменка.

«У нас вельмі працяглы водпуск для догляду за дзіцем у параўнанні з суседнімі краінамі. Але з-за гэтых захадаў падтрымкі адваротны бок – тое, што жанчына вельмі моцна губляе на рынку працы. Жанчын дыскрымінуюць з-за таго, што яны сыходзяць у дэкрэт».

Паводле Белстату, летась з Беларусі эмігравала больш за 15 тысяч чалавек. Аднак афіцыйная статыстыка не ўлічвае большасці беларусаў, якія зʼехалі з краіны, кажа наша суразмоўца.

«Калі б гэта фіксавалася, то сітуацыя з насельніцтвам выглядала б горш», – тлумачыць Алена Арцёменка.

Ці хацелі б вы, каб вашыя дзеці засталіся жыць у Беларусі? З гэткім пытаннем мы звярнуліся да менчукоў.

«Вы ведаеце, я не хацела б, каб ён застаўся жыць у Беларусі. Неяк тут цяпер усё вельмі моцна змяняецца».

«Калі будзе ўпэўненасць у краіне, калі будзе стабільнасць – то вядома».

«Я б хацела, каб маё дзіця засталося жыць у Беларусі, бо нам тут падабаецца, тут ціха і спакойна».

Паводле апошніх звестак усё таго ж Белстату, сёлета ў кастрычніку ў Беларусі пражывала 9 мільёнаў і 454 тысячы чалавек. У параўнанні з 1985 годам, калі нарадзілася Алена, мы страцілі паўмільёна жыхароў.

«Я думаю, што калі б проста нараджаць, хоць пяць, хоць дзесяць, то гэта сітуацыю не выратуе. Я дакладна не ведаю, у чым прычына. Калі ў тым, што мы не нараджаем, то так. Але мне падаецца, што гэта не адзіная прычына, чаму ў нас гэтак сталася. Таму давайце ўсе разам думаць пра тое, каб нас станавілася больш», – прапаноўвае Алена Андрушкевіч.

Адмыслоўцы ў дэмаграфіі кажуць, што без эфектыўных комплексных захадаў да 2050 года беларусаў стане яшчэ на 1 мільён менш.

Відэарэпартаж Алены Дубовік глядзіце ў поўным выданні навінаў за 14 снежня

Глядзі таксама
Каментары