Калінкіна: Праўду па ўсіх справах зніклых даведаемся толькі пасля змены ўлады


Дзе ён? Што здарылася? Пытанні пра журналіста Дзмітрыя Завадскага – без адказу ўжо 18 гадоў.

«Там былі задзейнічаны асобы з бліжэйшага атачэння Аляксандра Лукашэнкі. Менавіта таму адбылася дзіўная справа, калі нібыта нехта сядзіць у турме за гэтае злачынства, але дзе Дзіма, што з ім, дзе ягонае цела, што адбылося, ніхто не ведае: ні сваякі, ні грамадскасць. Наша дзяржава проста хавае канцы тых, хто ініцыяваў гэтае знікненне», – кажа Святлана Калінкіна, шэф-рэдактарка «Беларускага партызана».

Хаця ў 2002-ім годзе суд пакараў за забойства былых афіцэраў падраздзялення МУС «Алмаз».

«Канчаткова прызначыць пакаранне Ігнатовічу Валерыю Аляксандравічу пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй усёй маёмасці з адбываннем у калоніі асобага рэжыму. Маліку Максіму Міхайлавічу – пажыццёвае зняволенне з канфіскацыяй усёй маёмасці з адбываннем у калоніі асобага рэжыму», – зачытваў у 2002 годзе прыгавор суддзя.

Афіцыйная версія: Завадскі зняў беларускіх сілавікоў у Чачэніі ў складзе баевікоў – і тыя яму адпомсцілі.

У 2003-ім годзе суд прызнаў журналіста памерлым, хаця цела не знайшлі.

«На жаль, таксама і міжнародныя палітыкі, якія прыязджаюць сюды, ужо гэта не ставяць міжнародным пытаннем, а пераводзяць у дыяганаль экалогіі, эканомікі, сацыяльных пытанняў. А правы чалавека сёння замоўчваюцца», – адзначае праваабаронца і былы следчы Алег Волчак.

Адказаў патрабуе грамадскасць, але перадусім – трое Завадскіх: маці, жонка і сын журналіста. І тут улады паказваюць свой твар, даючы ў твар жонцы Святлане. Але ж гэтак кропку ў справе не паставіць.

«Мы даведаемся ўсю праўду па ўсіх справах зніклых – Змітра Завадскага, Юрыя Захаранкі і Анатоля Красоўскага, Віктара Ганчара – толькі пасля змены ўлады. Відавочна, што сённяшняя ўлада гэтыя справы раскрываць не хоча», – мяркуе Святлана Калінкіна.

І любая акцыя з партрэтамі зніклых у руках выклікае асаблівую агрэсію. А пытанне ўсцяж застаецца: дзе Завадскі?

Сяргей Падсасонны, «Белсат»