Калі святкаваць Божае Нараджэнне – 25 снежня ці 7 студзеня?


Дата Раства, або Божага Нараджэння, у праваслаўных і каталікоў адна. Розныя дні святкавання – гэта толькі пытанне календара: грыгарыянскага або юліянскага.

Прычым значная частка цэркваў праваслаўнага свету – 9 з 15-ці – святкуе Раство 25-га снежня – у адзін дзень з каталікамі. А сёмага студзеня свята сустракаюць толькі цэрквы, што жывуць паводле юліянскага календара: Ерусалімская, Расейская, Сербская, Грузінская, Польская і Украінская.

«Пытанне календара – гэта ж не толькі пытанне практыкі богаслужэння і практыкі святкавання. Гэта пытанне ідэнтычнасці. Расейская праваслаўная царква следам за дзяржавай пасля рэвалюцыі спрабавала перайсці на іншы каляндар за часамі патрыярха Ціхана, але кансерватыўныя вернікі не ўспрынялі гэтага», – адзначае рэлігіязнаўца Дзмітрый Гаравы.

Розніца паміж старажытнарымскім юліянскім календаром і «новым» грыгарыянскім складае 13 дзён. Назапасілася яна таму, што Зямля робіць абарот вакол Сонца на 12 хвілінаў павольней, чым лічылі старажытныя рымляне. У 2100-м годзе гэтая розніца павялічыцца да 14-ці дзён, і, згодна з гэтаю логікай, Раство паводле старога стылю праваслаўныя павінны будуць адзначаць ужо 8-га студзеня.

У які дзень нарадзіўся Ісус, дакладна не вядома. 25-га снежня ягоныя народзіны пачалі адзначаць толькі ў чацвертым стагоддзі. Армянская апостальская царква, напрыклад, святкуе Каляды не 25-га снежня, а 6-га студзеня – у адзін дзень з Вадохрышчам.

Пытанне, якім календаром карыстацца, два гады таму паўстала ва Украіне, калі Канстанцінопаль прызнаў права ўкраінскіх праваслаўных вернікаў на самастойнасць. Раство парафіяне Праваслаўнае царквы Украіны па-ранейшаму святкуюць сёмага студзеня.

«Ва Украіне высокі ўзровень рэлігійнае канкурэнцыі паміж праваслаўем Маскоўскага патрыярхату і Праваслаўнай царквой Украіны. Таму любое новаўвядзенне можа быць выкарыстанае апанентамі супраць тых, хто гэтыя рэформы праводзіць», – тлумачыць Дзмітрый Гаравы.

Паводле апытання групы «Рэйтынг», святкаванню Раства па-ранейшаму сёмага студзеня аддаюць перавагу 64 адсоткі ўкраінцаў. Пры гэтым праваслаўныя ў постсавецкіх краінах часта не надаюць значэння захаванню рэлігійных абрадаў.

Даследчы цэнтр Pew Research Center адзначае, што ў Беларусі ды Украіне штотыдня наведваюць царкву толькі дванаццаць адсоткаў тых, хто вызначае сябе праваслаўным або праваслаўнаю. У Расеі гэткіх асобаў яшчэ менш – 6 адсоткаў. Як сцвярджае рэлігіязнаўца Дзмітрый Гаравы, Раство шмат для каго не столькі рэлігійнае свята, колькі атрыбут нацыянальнае культуры.

Аляксандр Папко, Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Банер у падтрымку незалежных журналістаў