Калі скончацца гандлёвыя войны паміж Беларуссю і Расеяй?


Беларусь і Расея прасунуліся наперад у пытанні зняцця гандлёвых бар’ераў. Адрапартаваў у часе паседжання парламенцкага сходу Саюзнай дзяржавы ейны дзяржсакратар Грыгорый Рапота, знятыя бар’еры на будаўнічым рынку, дасягнуты кансэнсус у фармацэўтыцы.

Падобныя заявы неаднойчы гучалі і раней

Таму і афіцыйныя, скажам, квоты ці нарматывы, разгляданыя падначаленымі Аляксандра Лукашэнкі ды Уладзіміра Пуціна, куды менш важныя за сапраўдныя бар’еры для двухбаковага гандлю.

«Можна даць каманду санітарнаму нагляду ў Расеі, і беларускія тавары з высакаякасных ператворацца ў дрэнныя. Можна даць каманду беларускім прадпрыемствам, і беларускія прадпрыемствы будуць купляць толькі беларускае, а расейскае купляць не будуць», – тлумачыць эканаміст Леў Марголін.

Па сяльгаспрадукцыі чыноўнікі абедзвюх краін не дамовіліся

У прыватнасці, па адсочванні перамяшчэння харчоў, а таксама па кантролі іх якасці. А таму пра канец беларуска-расейскіх гандлёвых войнаў гаварыць зноўку не выпадае.

Не дапамагаюць спыніць гандлёвыя войны і традыцыйныя пацалункі ды ўзаемныя клятвы ў славянскім братэрстве. Пацалункі пацалункамі, а законы эканомікі гэтак проста не падманеш.

«Гандлёвыя войны паміж Беларуссю і Расеяй носяць пастаянны характар, пакуль кіраванне і ўлада ў гэтых краінах будзе захоўвацца. Бо няма рынкавых адносінаў ані ў Беларусі, ані ў Расеі», – падсумоўвае спадар Марголін.

Між тым усялякія войны калісьці ўсё-ткі скончацца. Яшчэ ў траўні Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання дамовілася пра мільярд долараў ЗША інвестыцыяў у айчынны сельскагаспадарчы сектар з кітайскай карпарацыяй DRex.

Валер Руселік, «Белсат», фота: Stringer / Russia / Reuters / Forum