Калі не заплаціць штраф, грошы забяруць прымусова


Калі штраф за ўдзел у акцыі лічыш несправядлівым і плаціць не хочаш – дзяржава мае спосаб грошы забраць. Менавіта так адбылося з Алегам Аксёнавым, каардынатарам БХД у Магілёўскай вобласці. Падрабязней Ірына Дарафейчук.

Заробак прыйшоў на рахунак і праз некалькі хвілінаў з яго знік.

«У АИС ИДО нацыянальнага банку РБ і пайшлі мае 264 рублі», – паказвае раздрукоўку Алег Аксёнаў.

У Альфа-банку яму патлумачылі, што справа акурат у гэтай АИС ИДО, ці, па-беларуску – аўтаматызаванай інфармацыйнай сістэме выканання грашовых забавязанняў, што пачала працаваць у Беларусі летась.

«Яны кажуць што згодна з нейкім загадам, прынятым яшчэ год таму, мы маем права па патрабаванню так званага АПІ – аддзелу прымусовых спагнанняў – зняць з вас грошы», – распавядае Алег Аксёнаў.

Высветлілася, што 8-га студзеня скончыўся тэрмін добраахвотнае аплаты штрафу, якім Алега Аксёнава пакаралі яшчэ 18-га верасня ў судзе Ленінскага раёну Магілёва.

«За ўдзел у так званых несанкцыянаваных мітынгах, хоць гэта канстытуцыйнае права кожнага чалавека і ў правах чалавека гэта пазначана, – мірныя сходы дазволеныя», – адзначае актывіст.

Штрафу паводле артыкулу 23.34 Алег Аксёнаў не аплочваў прынцыпова. У залік гэтага штрафу праз інфармацыйную сістэму аддзел прымусовых спагнанняў і забраў з рахунку ўсе грошы.

«Я пайшоў туды, каб даведацца, хто прыняў такое рашэнне – пазбавіць чалавека 100 адсоткаў заробку: то бок я не магу плаціць ні камунальных плацяжоў, ні іншых, і, зразумела, што на кавалак хлеба таксама не засталося», – распавядае Алег Аксёнаў.

У аддзеле прымусовых спагнанняў размаўляць з мужчынам адмовіліся, таму ён скіраваў ім электронны зварот і чакае адказу.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што ў гэтым выпадку парушэння закону з боку чыноўнікаў няма:

«Пры выкананні судовых пастановаў судовыя выканаўцы маюць права ў так званым акцэптным парадку спісваць грашовыя сродкі з картак людзей, з іхных рахункаў. Яны маюць права шукаць іх, знаходзіць – гэта іх прамы абавязак – і забіраць грошы».

Праваабаронца раіць у гэткай сітуацыі сачыць за тэрмінамі. На дабравольную аплату штрафу даецца месяц, калі абскардзіць штраф у судзе вышэйшае інстанцыі – то месяц пасля ГЭТАЕ пастановы. Можна падаць заяву ў суд пра растэрміноўванне штрафу, і адмоўную пастанову суда таксама можна абскардзіць. Яшчэ адзін варыянт – дамовіцца з судовым выканаўцам, каб той даслаў выканаўчы ліст на працу.

«І тады ў адпаведнасці з працоўным кодэксам не больш за 50 адсоткаў з заробку будуць адлічваць, бо будзе адлічваць бухгалтар, які ведае законы і абавязаны гэта рабіць»., – тлумачыць Барыс Бухель.

Калі ж за тэрмінамі не сачыць ці не аплочваць штрафу прынцыпова, то можна апынуцца ў такой сітуацыі, як Алег Аксёнаў.

Паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», з 9-га жніўня 2020-га года агульная сума штрафаў, накладзеных на затрыманых пратэстоўцаў, перавысіла 530 тысяч еўраў у эквіваленце.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»