Калі не Сняжынка, то хто? Альтэрнатыва персанажам Новага году


Лясная або штучная зялёная ялінка з рознакаляровымі ўпрыгожаннямі. Гэтак мы прызвычаіліся бачыць традыцыйны навагодні атрыбут. Аднак у гарадской прасторы «Пясочніца» – інакш. Сюды сёлета вырашылі прывезці яшчэ і памаранчавую ялінку.

Колер ялінкі – не адзінае, чым задумалі ўразіць наведнікаў. Арганізатар праекту – кампанія для пракату аўтаў «Anytime» – запрасіла на свята і персанаж з зусім не каляднай казкі – Чэшырскага ката.

«Мы хацелі здзівіць нечым незвычайным і адысці ад нейкіх стандартаў сняжынак і снежных баб. Казкі Люіса Кэрала – цудоўны прадмет для таго, каб парадаваць дзяцей», – распавёў Яўгеній Кузін, намеснік дырэктару кампаніі «Anytime».

Што праўда, сняжынкі ўсё ж былі. Іх прапаноўвалі прыляпіць да аўтамабіля, што мае выканаць жаданні ў 2019-м.

Пераможцы конкурсаў і спаборніцтваў змаглі атрымаць падарункі ад Каляднага Дзеда, якога, у сваю чаргу, на свяце таксама напаткалі неспадзяванкі.

«Мне цяпер распавёў хлопчык верш на грэцкай мове. Ведаеце, звычайна мне распавядаюць па-грэцку толькі грэцкія дзеці ў Грэцыі. Але тут, у Беларусі, упершыню я пачуў грэцкую мову! Гэта нейкі калядны цуд, ведаеце!», – распавёў Калядны Дзед.

Шоу з вадкім азотам – яшчэ адная цікавінка футурыстычнага Новага года. Свята атрымалася сямейнае.

У марознае надвор’е наведнікі частаваліся каваю, гарбатаю, глінтвейнам і разнастайнаю ежай. А на кірмашы рамеснікаў госці імпрэзы маглі набыць калядныя падарункі гэнд-мэйд.

Юлія Лабанава/«Белсат», фота – Віктар Драчоў/ТАСС/Forum