Ці чакаць эпідэмію грыпу ў Беларусі і што рабіць, каб не захварэць


У Кітаі за выходныя зафіксавалі 130 выпадкаў захворвання на пнеўманію, яе крыніца – невядомы дасюль вірус. Падобна, што ён не перадаецца ад чалавека да чалавека, у адрозненне ад знаёмага нам вірусу грыпу. Актыўнасць якога цяпер расце ў Еўропе. А як у нашай краіне?

Вірус грыпу пры тэмпературы паветра каля нуля захоўваецца цэлы месяц! Аднак у гэтай сталічнай сям’і падступнай зімовай хваробы не баяцца. Мама-медык паклапацілася пра здароўе – зрабіла прышчэпку нават маленькай дачушцы.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

«Прышчэпку дачцэ зрабілі гэтай восенню. Малым дзецям, якія вакцынуюцца ўпершыню, мусяць зрабіць дзве прышчэпкі з інтэрвалам не менш за 4 тыдні», – кажа маці 1,5-гадовай дачкі, фельчарка-акушэрка Людміла Яненка.

Таксама, як і нашыя героі, у 2019 годзе ад грыпу прышчапіўся амаль кожны другі беларус. А дакладней 40 адсоткаў жыхароў – гэта звесткі Міністэрства аховы здароўя. Аднак праціўнікі прышчэпак застаюцца. Людміла Яненка тлумачыць чаму:

«У інтэрнэце можна прачытаць шмат міфаў і жахаў, якія настройваюць людзей, пужаюць пабочнымі эфектамі. Але доказаў шкоды, якую б маглі несці прышчэпкі, няма».

У параўнанні з мінулым годам сёлета на пачатку студзеня беларусы хварэлі на вострыя рэспіратарныя інфекцыі амаль на 50 адсоткаў меней. Пашкадавала нас надворʼе, кажа медык. Аднак разнявольвацца не варта – эпідэмія грыпу яшчэ можа заявіць пра сябе, кажа медык Уладзімір Пруднікаў:

«Калі можа змяніцца надворʼе, наступіць рэзкае пахаладанне, потым адлігі – вядома, можам прагназаваць і на сакавік».

У суседзяў сітуацыя выглядае горш. Першы ў гэтым сезоне смяротны выпадак грыпу зафіксавалі ў Літве. А ва Украіне ад ускладненняў памерлі 5 чалавек. Расце колькасць і захварэлых пры тым, што прышчэплены прыблізна толькі кожны двухсоты ўкраінец. Лекарка-педыятр з Кіева Ганна Горбань ведае прычыну:

«Ёсць недавер да вакцынацыі як такой, ёсць недавер да матэрыялу, якім прышчэпліваюцца. Лічаць, ну што там грып!»

Тым часам грып – гэта тыдзень мучэнняў, якія ні з чым немагчыма пераблытаць. Баліць усё цела, і часам немагчыма нават думаць!

«Пачынаецца галаўны боль, ламота ў суставах, касцях, цягліцах і, вядома, падвышэнне тэмпературы», – удакладняе медык Уладзімір Пруднікаў.

Займацца самалекаваннем медыкі не раяць, бо чалавек не заўсёды ўсведамляе, наколькі сурʼёзна захварэў, і таму можа няправільна выбраць лекі. Калі беларусы звяртаюцца па дапамогу да лекараў – мы спыталі жыхароў Віцебску:

«Кашаль можна малінай вылечыць. Мы на пенсіі, нам не трэба па дактарах хадзіць, яшчэ болей захварэеш».

«Не люблю па дактарах, лепей сам».

«Вядома, да доктара. Дактары ж у нас на найвышэйшым узроўні».

«Як бог дасць, так і будзе. Сама лячуся».

Медыкі ж не стамляюцца паўтараць: захварэлі на грып – неадкладна звяртайцеся да лекара, бо хвароба сама сабою не пройдзе, а ўскладненні могуць развіцца маланкава. Ганна Горбань папярэджвае:

«Адное з вельмі хуткіх, некантраляваных ускладненняў – гэта пнеўманія, якая, на жаль, можа выклікаць лятальны вынік. З прычыны сваёй маланкавасці, некантраляванасці, нават нягледзячы на тое, што ёсць супрацьгрыпозныя прэпараты».

Пры гэтым адмыслоўцы дадаюць: перахварэць на грып можна і без дапамогі медыкаментаў – калі імунітэт моцны.

Акрамя традыцыйнай штогадовай прышчэпкі, каб захаваць здароўе, медыкі раяць выконваць простыя правілы: часцей мыць рукі, чхаць у аднаразовыя насовачкі, піць вітаміны, апранацца адпаведна з надвор’ем, каб не было ні халодна, ні горача, высыпацца, больш адпачываць і часцей бываць на адкрытым паветры.

Анастасія Русецкая belsat.eu