Аб'ектыў 14.12.2016 Калі будзе рэферэндум аб павелічэнні тэрміну кіравання Лукашэнкі?


   Справа – не ў даўжыні. Абʼяднаная грамадзянская партыя адрэагавала на прапанову ліберал-дэмакратаў правесці рэферэндум аб павелічэнні прэзідэнцкага тэрміну для Лукашэнкі.

АНАТОЛЬ ЛЯБЕДЗЬКА СТАРШЫНЯ АБ’ЯДНАНАЙ ГРАМАДЗЯНСКАЙ ПАРТЫІ:

«Павелічэнне кадэнцыі з пяці да сямі гадоў не вырашае аніводнага пытання. Гэта не стварае новыя працоўныя месцы. Гэта не павялічвае заробкаў Трактарнага. МАЗу, настаўнікаў, лекараў. Гэта не спыняе жаданне маладых людзей зʼехаць з краіны».

Пры гэтым аб магчымасці канстытуцыйных зменаў раз-пораз гаворыць і сам Лукашэнка. 7-га кастрычніка, выступаючы перад дэпутатамі Палаты прадстаўнікоў пятага і шостага скліканняў, кіраўнік краіны чарговы раз закрануў гэтую тэму.

АЛЯКСАНДР ЛУКАШЭНКА:

«Нам трэба стварыць вось гэтую групу мудрацоў, разумных людзей, юрыстаў, якія прааналізуюць Асноўны закон. І калі трэба будзе, патрэбная нам Канстытуцыя, і мы пераадолеем гэта, убачым, што сёння трэба на гэтае пытанне адказаць, мы на гэта пойдзем».

Што цікава, шукаць патрэбных «мудрацоў» доўга не давялося. Ліберальна-дэмакратычная партыя выступіла з ініцыятывай зладзіць ужо ў 2018-м годзе агульнанацыянальны рэферэндум адносна зменаў у Канстытуцыю, найперш – аб павелічэнні існага тэрміну прэзідэнцтва яшчэ на два гады.

ЖЫХАРЫ МЕНСКУ

«На маю думку, у нашага правадыра хапае паўнамоцтваў. 22 гады – колькі хоча можа ўладарыць! Таму гэта ўсё бессэнсоўнае марнаванне грошай народных!».

«І так ужо занадта доўга, і нічога ў нас не змяняецца!».

«Цалкам нармальна! Вельмі нават прагрэсіўна так, арыгінальна выглядае. Можна нават на сем з паловай!».

Паводле старшыні АГП Анатоля Лябедзькі, для сапраўдных зменаў у краіне патрэбныя тры важныя крокі. Наперш гэта вяртанне грамадзянам права выбару, а таксама новая выбарчая сістэма. А таксама…

«У нас на сённяшні дзень не існуе незалежных галінаў улады: судовай, парламенту. Гэта ўсё – аддзелы адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі. Нам патрэбна, каб была судовая сістэма, каб быў парламент і эфектыўная выканаўчая ўлада. Гэта канстытуцыйныя змены, і мы гатовыя іх прапанаваць».

Вось толькі ці захоча Лукашэнка самастойна ці праз Савет Рэспублікі або Палату прадстаўнікоў ініцыяваць не павелічэнне, але абмежаванне сваёй улады? Калі не, гэта могуць зрабіць прынамсі 450 тысяч выбарцаў – паводле яшчэ не змененай Канстытуцыі.

Валер Руселік, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары