Калі будзе раскрытае забойства Паўла Шарамета?


Мінула два гады, а адказу на гэтае пытанне дасюль няма. Адзін з самых вядомых журналістаў постсавецкае прасторы, беларус Павел Шарамет, загінуў у Кіеве ад рук забойцаў. Сёння на Паўночных могілках у Менску яму адкрылі помнік.

Ліст паперы, які разбурае чорную гранітную сцяну. Помнік на магіле Паўла Шарамета сімвалізуе тое, чым ён займаўся ўсё сваё жыццё: стараўся прабіць сцяну маўчання, якой адгароджваюцца ўлады.

«Сістэма, якую ён увесь час, як толькі мог, хацеў зрабіць лепшаю. Ён змагаўся за праўду, за шчасце, за свабоду людзей, за свабоду сродкаў масавай інфармацыі, якія павінныя казаць толькі праўду», – кажа маці Паўла Людміла Шарамет.

Жыццё Паўла Шарамета абарвалася ў Кіеве 20-га ліпеня 2016-га года. Яго забіў выбух бомбы, падкладзенай у аўтамабіль.

«Яму трэба было здабыць праўду ды інфармацыю. Усё! Дзеля гэтага ён быў гатовы на ўсё. За гэта ён пацярпеў у Беларусі, за гэта ён пацярпеў у Расеі, а ва Украіне яго проста забілі», – кажа журналіст Сяргей Гельбах.

Прэзідэнт Украіны загадаў весці следства максімальна празрыста, заклІкаў далучыць да расследавання экспертаў з Еўразвязу і ЗША ды раскрыць забойства як мага хутчэй.

«Гаворка не толькі пра гонар паліцыі, пра гонар пракуратуры, пра гонар Службы бяспекі Украіны. Вядзецца пра гонар краіны!» – заявіў Пётр Парашэнка.

Не зважаючы на заявы, хаду следства засакрэцілі. 35 следчых апыталі ўжо каля 1800 сведкаў, прааналізавалі сотні дакументаў і тэрабайты відэа. Аднак падазраваных у забойстве дасюль няма.

«Я нічога новага ў справе вам сказаць не магу. Што нам перашкаджае? Абставіны! У нас няма сапраўднай доказнай базы, якую мы дасюль здабываем», – заявіў намеснік старшыні СБУ Віктар Кананенка.

Не знайшлі падазраваных і ўкраінскія журналісты, якія вядуць паралельнае расследаванне. Паводле калегаў, у смерці Шарамета маглі быць зацікаўленыя як уладныя колы Беларусі ды Расеі, так і ўкраінскія структуры.

Вядома, што журналіст працаваў над матэрыяламі пра карупцыю ў дзяржаўных кампаніях і кантрабанду вугалю з Данбасу. У дзень смерці каля дому Паўла дзяжурыў былы афіцэр СБУ.

Украінскія праваахоўнікі каментароў не даюць. Аднак сябры Паўла спадзяюцца, што справу раскрыюць.

«Мы памятаем, як доўга расследавалася справа Гангадзэ, і яна была раскрытая, нягледзячы на тое, што там былі замешаныя найвышэйшыя службовыя асобы. Я спадзяюся, што ў справе Паўла Шарамета мы рана ці позна мы знойдзем адказ на гэтыя пытанні», – кажа Андрэй Бастунец.

Маці журналіста глядзіць на перспектывы справы значна больш скептычна.

«Мне хацелася б да гэтага дажыць. Гэта ўсё, што я магу сказаць», – адзначыла Людміла Шарамет.

На надмагіллі Паўла Шарамета выбілі ягоны дэвіз: «Сіла не ў сіле. Сіла ў праўдзе». Праўду пра забойства журналіста чакаюць ягоныя бацькі, калегі. Чакаюць усе тыя, каму патрэбныя ўлады, чыноўнікі і медыі, якія не хлусяць.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Фота вокладкі – Pyotr Sivkov/TASS