Калі аўтобус становіцца мараю


Не кожны жыхар вёскі Баяры, што на Віцебшчыне, мае ўласнае аўта ці грошы на таксі. Людзі змагаюцца за права раз-пораз карыстацца грамадскім транспартам, які б забіраў іх у горад у самой вёсцы, а не на шашы ў некалькіх кіламетрах ад яе.

Марознае паветра, сані на саломе і жвавы конь… завязе, куды захочаш. Сярэднявечная рамантыка ў вёсцы Баяры – толькі гучыць прывабна… Не маеш каня – з капытамі ці на колах – нікуды ня трапіш. Жыхарка Баяраў Ганна Серабро распавядае:

«Адзін аўтобус быў, і той нам знялі, гэта для нас вялікая праблема. Мы не можам даехаць да Бешанковічаў, а маршруткі ўсе ідуць аб’язною, мінаючы Бешанковічы».

Аўтобус «Віцебск-Чашнікі» быў адзіным грамадскім транспартам, які злучаў жыхароў вёскі Баяры з двума найбліжэйшымі райцэнтрамі – Чашнікамі ды Бешанковічамі. Цяпер найбліжэйшы прыпынак – у чатырох кіламетрах. Ісці даводзіцца пехатою, мінаючы замецены снегам уласны прыпынак. Пасля праезду «маршруткаю» спадарыня Ганна Серабро яшчэ пару кіламетраў ідзе да дому ў Бешанковічах:

«Я сюды езджу сваю маму гляджу. Маёй матулі 87 гадоў. Езджу гляджу, але як дабірацца?»

Некалі злучэнне было ў парадку – 4 дні на тыдзень у зручны для вяскоўцаў час. Потым рэйсы скарацілі да двух, затым пакінулі ў раскладзе толькі адзін… і той ані разу не прыехаў. Пасля зваротаў мясцовых у СМІ, грамадскі транспарт ненадоўга вяртаўся. Але больш не паедзе – адказалі нам у «Віцебскаблаўтатрансе».

«У Баярах што за праблема? Там 27 чалавек жыве, адна бабуля ездзіць на аўтобусе. Яго знялі, бо карысталіся 1-2 асобы. Я разумею, што і 1 чалавеку трэба даехаць, але гнаць аўтобус, выдаткоўваць на паліва і заробак – гэта ж таксама не таксі», – кажа намеснік гендырэктара «Віцебскаблаўтатранс» Сяргей Залесскі.

Не таксі, але вязі! Баяры маюць права на аўтобус, кажа эксперт, бо вёска налічвае больш за 20 асобаў насельніцтва.

«Прыпынкі аўтобусаў прадугледжаныя ў вёсках, дзе пражываюць 20-50 чалавек. Маршруты 4 разы на тыдзень. Але атрымліваецца, што астатнія людзі – не людзі», – кажа Алена Янушкоўская, БХД.

Да прыкладу жыхары Бараўлян атрымалі ад транспартнікаў адказ, што аўтобусу ім не відаць, бо на вёсцы пражываюць толькі 11 асобаў. Падобныя адказы ляцяць у розныя адрэзаныя ад вялікіх дарог мясцовасці. Сані не ў кожнае надвор’е запражэш, а на машыну – не кожны зарабіў. Што да Баяраўцаў, аўтобус яны хочуць мець нават не тыя належныя 4 разы на тыдзень.

«Хацелася б хаця б паводле заяўкі мець аўтобус, калі чалавеку трэба зʼездзіць у больніцу па рэцэпт ці лекі… А 4 кіламетры нам топаць да прыпынку. Усё ж такі сучасны век», – гаворыць Тамара Серабро.

Таму хочацца і горад наведаць, і прадуктаў набыць – не толькі з аўталаўкі, якая прывозіць асноўныя прадукты – усяго 2 разы на тыдзень.

Юлія Цяльпук, belsat.eu