Кафка ў Гомлі: новы спектакль па-беларуску паставілі ў Моладзевым тэатры


Павятовы лекар вымушаны скіравацца пасярод начы на дапамогу пацыенту. Навокал сцюжа, мэта паездкі, верагодна, бессэнсоўная, бо пацыент усё адно памрэ. Як даць рады чаканням сваякоў і ўласным страхам і не згубіць сябе? Новы спектакль паводле твора Кафкі ды яшчэ на роднай мове паставілі ў Моладзевым тэатры ў Гомлі.

Дзеля гомельскай пастаноўкі быў адмыслова створаны новы пераклад тэксту на беларускую мову. А за ўвасабленне загадкавага свету Кафкі ўзяўся ўжо добра вядомы гомельскай публіцы са спектакляў «Фабль» («Fable»), «Эдып» ды «Гогаль. Fatum» магілёўскі рэжысёр Юрый Дзівакоў:

«Гэтай кнігі яшчэ ніхто не чытаў. Таму што гэты пераклад, які вы сёння пачуеце, гэты тэкст, гэтая інтэрпрэтацыя ўпершыню гучыць на гэтай пляцоўцы».

Зразумець творы Кафкі бывае складана і ў выглядзе тэксту, таму смелая інтэрпрэтацыя ягонага твору выклікала розную рэакцыю ў зале. У адных перахоплівала дыханне ад убачанага, другія задуменна сядзелі ды спрабавалі зразумець мову метафараў, а іншыя і ўвогуле зрываліся ў амаль нервовы смех.

«Кафка акурат і працуе на той мяжы, дзе чалавечае разуменне адмаўляецца працаваць. Такое побытавае разуменне, калі нам здаецца, што мы разумеем свет», – распавядае перакладчыца Ірына Герасімовіч.

Смелая і энергічная праца актораў, у тым ліку і выканаўцы галоўнай ролі, Дзмітрыя Попчанкі, захапіла ўвагу гледачоў і не дазволіла застацца абыякавым анікому.

«Мне вельмі падабаецца. Я ўвогуле люблю вельмі абсурдызм як такі. Я чакаў прыкладна такога і атрымаў тое, што хацеў», – кажа глядач Любамір.

Найбліжэйшая магчымасць пагрузіцца ў свет камбінацыяў таямнічага і дзіўнага ад Франца Кафкі ды Юрыя Дзівакова ў Гомлі будзе 30 сакавіка.

Алег Рудавусаў, belsat.eu