Каб сустрэцца з Лукашэнкам, актывісткі руху «Маці 328» распачынаюць галадоўку


Ала Берналь чакае сына тры гады: напярэдадні свайго вяселля 26-гадовы Аляксандр Катоўскі быў асуджаны на чатырнаццаць гадоў зняволення паводле гэтак званага наркатычнага артыкулу. Такое абвінавачанне жанчына называе несправядлівым, а пакаранне – неадпаведным.

«Мы бачым, што ўсе справы сфабрыкаваныя, што тэрміны вельмі вялікія – вельмі жорстка абышліся з нашымі дзецьмі. Дзеці садзяцца на 14 гадоў першы раз, у прадуктыўным узросце. Яны павыходзяць у 40 гадоў і не будуць мець часу, каб аднавіцца, стварыць сем’і», – кажа Ала Берналь, маці зняволенага Аляксандра Катоўскага.

Ала Берналь і ейная паплечніца ў бядзе Алена Кузьміна – маці Кірыла Дарыса, таксама зняволенага на чатырнаццаць гадоў, – разам збіраюцца галадаваць. Жанчыны кажуць, што страцілі надзею быць пачутымі ў кабінетах улады, у дзверы якіх грукаюцца ўжо некалькі гадоў. І дадаюць: наркотыкі – праблема ня толькі іхных сем’яў. Маці хочуць давесці гэта да грамадства, у тым ліку – праз галадаванне.

«Гіне цэлае пакаленне, і мы б хацелі, каб гэтае шматгадовае хаджэнне па кабінетах, каб урад, прэзідэнт зразумелі, што гэта не вірус – гэта генацыд. Наркаманія памаладзела: 12, – 13, – 14-гадовыя дзеці спрабуюць наркотыкі, некаторыя з імі застаюцца праз жыццё і гэта – гатовы «матэрыял», каб папоўніць нашыя турмы», – кажа Алена Кузьміна, маці зняволенага Кірыла Дарыса.

Рух «Маці 328» аб’ядноўвае каля васьмідзесяці жанчын, чые дзеці ў юнацкім узросце адбываюць пакаранне тэрмінамі ад 10 да 20 гадоў. Разам яны ўжо галадавалі на знак пратэсту ў 2018-2019 гадах. Ім удалося дамагчыся змякчэння часткі прысудаў: на 2 гады зніжанае мінімальнае зняволенне паводле дзвюх частак артыкула 328, адносна яго пачала дзейнічаць амністыя. Але праблема патрабуе больш глыбокага развязання, кажа юрыстка Вольга Кавалькова, якая даследавала праблему.

«Тут пытанне больш шырокае, чым артыкул № 328: тут агулам пытанне судова-прававой сістэмы, якая ў Беларусі не працуе. Таму ўсе патрабаванні, якія выстаўляюць сваякі, – не толькі праз вялікі тэрмін, але і таму, што яны агулам не разумеюць: ці здзейснілі іхныя дзеці нейкае злачынства, ці вінаватыя яны», – кажа Вольга Кавалькова.

Паводле артыкула 328 сядзіць значная частка вязняў беларускіх турмаў. Абсалютная большасьць асуджаных – асобы ад 16 да 30 гадоў. Часцей за ўсё гэта іхнае першае зняволенне, а сярэдні тэрмін складае каля васьмі гадоў турмы. Акрамя стварэння незалежнае камісіі ды перагляду судовых выракаў, рух «Маці 328» патрабуе сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам. Галадаваць яны пачынаюць 16 ліпеня.

Галіна Абакунчык belsat.eu