Аб'ектыў 14.12.2019 Каб плаціць па старых даўгах, Менск бярэ ў Кітаю новую пазыку


3,5 млрд юаняў, або $ 500 млн Менск пазычае ў Кітайскага банку развіцця на пяць гадоў, каб вярнуць ранейшыя пазыкі. Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

«Сёлета ў нас выпалі даходы з-за даражэйшай расейскай нафты, з-за неатрыманага расейскага крэдыту, з-за неатрыманага крэдыту ЕўрАзЭС, і ў сувязі з гэтым тэрмінова ўзнікла неабходнасць недзе перапазычыць грошы», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Станіслаў Івашкевіч.

Перамовы аб 600-мільённым крэдыце, які Менск вёў з Масквой на пачатку года, скончыліся беспаспяхова. Не далічылася нашая краіна і 200 мільёнаў з двухмільярднага крэдыту Еўразійскага фонду стабілізацыі і развіцця, узгодненага яшчэ ў 2016 годзе.

«Калі Лукашэнка не ідзе на саступкі ў стварэнні Саюзнай дзяржавы, то трэба крыху націснуць. Не даваць крэдытаў», – так сітуацыю ацэньвае эканаміст Леанід Злотнікаў.

Менавіта Расеі Беларусь вінная найбольш грошай – амаль $ 8 млрд. Пекіну – 3 мільярды. У Кітаю ўрад Беларусі пачаў актыўна пазычаць дзевяць гадоў таму. Пазыкі пераважна звязаныя – на іх мы мусім купляць кітайскае абсталяванне і наймаць кітайскіх спецыялістаў. Ці абцяжараны нейкімі ўмовамі новы крэдыт?

«Мелькам сказана, што гэты крэдыт будзе спрыяць развіццю гандлёвых адносінаў паміж Беларуссю і Кітаем. Магчыма, нейкая зачэпка на карысць Кітаю там усё-такі прадугледжаная», – не выключае Леанід Злотнікаў.

На выплаты пазыкаў налета Беларусь выдасць $ 3 млрд. Кітаю мы заплацім 600 мільёнаў – на 100 мільёнаў больш, чым толькі што пазычылі.

Перамовы аб 600-мільённым крэдыце, які Менск вёў з Масквой на пачатку года, скончыліся беспаспяхова. Менску тэрмінова спатрэбіліся кітайскія грошы. Фота – Yegor Aleyev / TASS / Forum

Чаму ўрад рэгулярна бярэ крэдыты, і ці правільна ён робіць? Адказваюць жыхары Магілёва:

«У нас няма вытворчасцяў, якія б папаўнялі бюджэт»

«У нас вельмі многа прадпрыемстваў працуе на склад. Шмат нашай прадукцыі залежваецца».

«Уся Еўропа жыве ў крэдытах! А чаму мы павінныя адстаць?»

«Гэта трагедыя! Мы бяднеем з кожным разам!»

$ 16 млрд – гэта замежная запазычанасць дзяржавы. Валавая запазычанасць, у якую ўваходзяць пазыкі банкаў і прадпрыемстваў, значна большая – амаль $ 40 млрд.

«Беларусь 7–10 % свайго бюджэту траціць толькі на выплаты адсоткаў па крэдытаў. Гэта вялікі цяжар, пры тым што дагэтуль адсоткі былі ільготныя», – распавядае Станіслаў Івашкевіч.

Цяпер жа льготных крэдытаў не даюць ані Расея, ані Кітай – падкрэслівае эканамічны аглядальнік «Белсату».

Зніжэння даўгавога цяжару эканамісты не прадбачаць, Менску прыйдзецца перапазычаць і надалей. Аднак падзецца ўладам няма куды.

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары