Каб дзеці гулялі ў хакей, бацькі здаюць шклатару


Хакей – афіцыйна спорт нумар адзін у Беларусі. Пад першым нумарам на лёд выходзяць і кіраўнік краіны, і ягоны малодшы сын. У Беларусі – 32 лядовыя арэны, на хакей дзяржава выдаткоўвае агромністыя сродкі. І ў той жа час па-за ўвагаю застаюцца звычайныя энтузіясты з рэгіёнаў, якія збіраюць грошы як могуць. Толькі б гуляць.

У шыкоўных умовах трэнуецца сын кіраўніка краіны. А вось маленькі жыхар Смаргоні Аляксандр Мароз – зусім у іншых.Толькі 1 камплект адмысловай экіпіроўкі Алеся будзе каштаваць ад 600 да 1000 беларускіх рублёў. Ягоным бацькам давядзецца аддаць за шлем-маску да 50-ці рублёў, а канькі пацягнуць – на ўсе 100. Пакуль жа ў пяцігадовага Алеся – ёсць толькі клюшка…

Ягоны зямляк – трэнер Уладзімір Жабінскі – апантаны дзіцячым хакеем – зарганізаваў прыватны Цэнтр пачатковай падрыхтоўкі. Распрацаваў унікальную сістэму трэнаванняў, якая ўключае шахматы, плаванне ды іншыя віды спорту. Справа годная, але падтрымання з боку дзяржавы – няма. Арэнда залы, басейн, выезды на лёд – усё гэта патрабуе грошай. Каб навучанне не прыпынялася, апантаны трэнер вымушаны «круціцца» і бярэ частку выдаткаў на сябе.

«У нас прыватная школа, таму нам трэба за ўсё плаціць. За арэнду – спартзалы, кабінетаў, усё-усё-усё. Форма таксама ідзе: або трэба набываць самім бацькам, або недзе зарабіць грошай», – кажа кіраўнік хакейнага цэнтру Уладзімір Жабінскі.

Таму Жабінскі наладзіў вытворчасць сувеніраў і нават зарганізаваў збор другаснай сыравіны – збывае шклатару.

«Збор і здача шклатары пакрывае выдаткі на арэнду спартзалаў, басейнаў, на другое канечне патрэбныя большыя грошы. Зноў жа: у нас усё ўпіраецца ў форму», – зазначае Уладзімір.

«У нас няма роўных умоваў для прыватных і дзяржаўных клубаў»

Без формы не пускаюць на каток. Але свайго такога – у Смаргоні няма. І гэта – яшчэ адная вялікая праблема. Найбліжэйшае лядовае поле – спарткомплекс у Маладзечне.

«Чым можам тым і дапамагаем. Бутэлькі возім у Менск здаваць. Каб было больш выгодна. Таму што няма свайго будынку, свайго катка, а ўсё гэта арэнда, таму ўсё ўпіраецца ў грошы», – кажуць бацькі выхаванцаў хакейнага цэнтру.

Спартовы аглядальнік Сяргей Южык кажа, што ўсё гэта нагадвае гісторыю з прыватным футбольным клубам «Крумкачы», які вымусілі пакінуць вышэйшую лігу з прычыны недахопу фінансавання.

«У нас няма роўных умоваў для прыватных і дзяржаўных клубаў. Яна прапісаная ў Канстытуцыі. Але калі ідзеш па гэтых прадпрыемствах, па райвыканкамах, а кіраўнікі «Крумкачоў» таксама хадзілі – усе адварочваюцца. Таму пакуль не будзе наладжаны нармалёвы працэс, каб спонсары прыходзілі ў прыватны спорт, – вельмі цяжка будзе выжываць і хакейнаму клубу, і футбольнаму», – мяркуе спартовы журналіст Сяргей Южык.

Таму апантаны настаўнік Уладзімір Жабінскі разлічвае на свае ўласныя сілы і на грамадскае падтрыманне. Праз краўндфандынгавую платформу «Ulej.by» ён распачаў збор сродкаў на 30 камплектаў формы для сваіх выхаванцаў, каб яны, хоць зрэдку, мелі магчымасць трэнавацца ў тых лядовых палацах, якія былі пабудаваныя за народныя грошы, але сталіся не па кішэні для шараговых беларусаў.

Таццяна Уласенка, «Белсат»