Ізноў на нафтагазавай іголцы Расеі?


Канец года – час, калі афіцыйны Менск традыцыйна вядзе перамовы пра пастаўкі нафты і газу. Пазыку 200 мільёнаў долараў «Газпрому» Беларусь сплаціла цалкам і ўзгадніла кошт налета – амаль на ўзроўні сёлетняга. Дамовы з расейскімі пастаўляльнікамі падпісалі і адносна нафты.

«Зноў беларускі бок стараецца адзін ці два долары адарваць ад Расеі, быццам гэта добра для вытворцаў. Але зноў, паглядзім кошты на вытворцаў, кошты электраэнергіі, кошты паліва, яны слаба адрозніваюцца ад таго, што маюць пакупнікі вытворцы іншых краінаў», – мяркуе эканаміст Яраслаў Раманчук.

Кошт і аб’ёмы паставак расейскага чорнага золата афіцыйна пакуль не называюць. Аднак паводле крыніцаў інфармацыйнага агенцтва «Ройтэрз», гаворка пра 4,5 мільёна тонаў сыравіны ў першым квартале. Цана – на ўзроўні 2020 года. Што праўда, дамова налета не прадугледжвае міжбюджэтнага разліку за нафту. Гэты механізм кампенсаваў Беларусі прэмію расейскім пастаўляльнікам, за якую давялося плаціць пасля ўвядзення падатковага манеўру.

«Па тых ацэнках, якія ёсць, гэта не моцна вялікая кампенсацыя нават у гэтым годзе. Гэта мільёны. Дзясяткі мільёнаў долараў, але гэта не фантастычныя нейкія сумы, на якія варта звяртаць увагу», – кажа намеснік галоўнага рэдактара Tut.by.

На пачатку года Беларусь актыўна шукала альтэрнатыўных пастаўляльнікаў нафты. Перамовы вяліся са Злучанымі Штатамі, Саудаўскай Аравіяй, Нарвегіяй, Азербайджанам. Аднак цяпер цяпер чуем пераказаныя заявы беларускіх чыноўнікаў, што Расея гатовая забяспечыць 18 мільёнаў тонаў сыравіны – мінімальны неабходны для нашых НПЗ абʼём. За невялікім выключэннем.

«На 2021 год пакінулі магчымасць пастаўкі аднаго ці двух танкераў на месяц праз Украіну. Гэта, хутчэй за ўсё, будзе азербайджанская нафта», – распавёў намеснік галоўнага рэдактара Tut.by.

Пастаўкі праз нафтаправод – эканамічна найбольш танны варыянт, чым дастаўка ў порт, транспартаванне ў цыстэрны і дастаўка чыгункаю. Але Украіна развязала праблемы з выпампоўваннем кансервацыйнай вадкасці на асобных адцінках трубаправоду Адэса – Броды.

Але для забеспячэння эканамічнага эфекту ад эксплуатацыі Украіне патрэбны кантракт хоць бы на 5 мільёнаў тон нафты на год. Патрэба ж у ім адпадае, калі Расея і Беларусь дамовяцца на пастаўкі 18 мільёнаў тон з магчымасцю павелічэння, адзначае энергетычны эксперт Генадзь Рабцаў.

«Цяпер палітычныя рычагі ціску выкарыстоўваць вельмі выгодна, улічваючы палітычныя падзеі, якія адбываліся сёлета ў Менску. Я б вельмі акуратна паставіўся да выказванняў кіраўнікоў ураду, якія сцвярджаюць, што кантракты падпісаныя выключна на цудоўных для Беларусі ўмовах, і яны супервыгадныя», – кажа энергетычны эксперт Генадзь Рабцаў.

Цана складае амаль 90 % ад сусветных коштаў, а да 2024 года мае зраўняцца з імі. Аднак прыпыненне крокаў пошуку альтэрнатыўных паставак нафты можа быць абумоўленае таксама палітычнымі матывамі – зацікаўленасцю ў падтрыманні рэжыму Лукашэнкі з боку Масквы, мяркуе ўкраінскі эксперт.

Юлія Лабанава, belsat.eu