ІТ-адмыслоўцы супраць крымінальнага пераследу


Аляксандр Лукашэнка абяцаў зрабіць Беларусь ІТ-краінай. А цяпер ягоныя спецслужбы распачалі крымінальны пераслед нелаяльных ІТ-фірмаў. Гэтак кампанія PandaDoc зачыняе свой офіс у Беларусі.

Трэці дзень без мужа, але з надзеяй на лепшае. Аляксандра Дзікан – жонка топ-менеджара кампаніі PandaDoc Віктара Куўшынава, зняволенага ў СІЗА на Валадарскага.

«Мой муж выкарыстоўваецца цяпер закладнікам з мэтаю дамагчыся палітычных вынікаў», – кажа Аляксандра.

Чатыры топ-менеджары PandaDocЮлія Шардыка, Дзмітрый Рабцэвіч, Віктар Куўшынаў і Уладзіслаў Міхалап – арыштаваныя на два месяцы паводле падазрэння за крадзеж у асабліва буйным памеры. Распачатая крымінальная справа.

«Кампанія была ў ПВТ, усё выключна чыста, усе заробкі празрыстыя. Адбывалася шмат аўдытаў міжнародных і ў хлопцаў, і ў майго мужа. Высокая пазіцыя, добры заробак. Калі мы ўбачылі гэтыя 107 тысяч беларускіх рублёў на чацвярых, мне падалося, што з нас смяюцца, здзекуюцца», – распавядае Аляксандра Дзікан.

Кампанія лічыць пераслед помстаю за ініцыятыву ўладкоўваць на працу сілавікоў, якія звальняюцца на хвалі пратэстаў. Прадстаўнікі PandaDoc патрабуюць ад уладаў спыніць рэпрэсіі.

«Сябры, давайце будзем разам, давайце пакажам уладам, што мы з‘яднаныя, што нас нельга шманаць, што нашых працаўнікоў нельга браць у закладнікі. Разам мы сіла, разам мы пераможам», – заклікае сузаснавальнік PandaDoc Мікіта Мікада.

Працаўнікі сферы ІТ, абураныя пераследам калегаў, падтрымалі кампанію акцыяй салідарнасці.

«Я думаю, што яны проста хочуць мінімізаваць адсотак тых, хто можа натхніць усіх астатніх на нейкія змены. Ім гэта нявыгадна», – кажа ўдзельніца акцыі Ганна.

PandaDoc заяўляе пра закрыццё кампаніі ў Беларусі. У сваім намеры яны не адны. У Літву збіраюцца пераехаць больш за 20 ІТ-кампаніяў. Ва Украіну за апошнія два тыдні з‘ехалі каля 300 беларускіх ІТ-адмыслоўцаў. Міністэрства лічбавай трансфармацыі гэтае краіны стварыла адмысловы партал, што дапамагае працаўнікам ІТ-індустрыі пераехаць з Беларусі ва Украіну.

«ІТ-сектар наш утвораны даволі складана. Гэта не адна вялікая кампанія, не дзве буйныя, а каля 700 ці нават болей кампаніяў – ад вельмі буйных, такіх, як ЕРАМ, да маленькіх. Нельга казаць пра тое, што ўсе могуць сесці і з‘ехаць за тыдзень ці месяц – не, гэта інфраструктурава немагчыма. Але трэнд, што пойдзе на адʼезд, ужо паўстае», – гаворыць ІТ-менеджар Сяргей Лаўрыненка.

Планавалася, што ІТ-сектар сёлета дасць каля 5 % валавога ўнутранага прадукту і каля 2 мільярдаў экспарту – дадае эксперт. Адʼезд з краіны ІТ-кампаніяў можа зменшыць гэтыя лічбы, а ў доўгатэрміновай перспектыве прывесці да страты галіны.

Анастасія Русецкая, «Белсат»