Ісмаіла Нальгіева без суду вышлюць з Беларусі


Ізалятар на Акрэсціна – месца, сумнавядомае ўтрыманнем палітычных дзеячаў, грамадскіх актывістаў ды нават журналістаў. Двое содняў тут правёў Ісмаіл Нальгіеў – блогер і ўдзельнік пратэстаў у Інгушэціі, якога затрымалі беларускія памежнікі ў менскім аэрапорце.

Грамадзяніна Расеі Ісмаіла Нальгіева затрымалі яшчэ 8 траўня пры спробе вылецець у Прагу. У той жа дзень вынеслі пастанову аб ягонай прымусовай высылцы з краіны. Адвакат Нальгіева спрабаваў яе абскардзіць, аднак яму не тое што не далі магчымасці, нават ніякага суду не адбылося.

Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ:

«Хутка, тэрмінова, без магчымасці даць тэрмін на абскарджванне, з парушэннем права на абарону, немагчыма было сустрэцца яму з адвакатам. І адвакату нават ніякіх дакументаў не паказалі – аб тым, што нават пазаўчора ўжо была прынятая пастанова аб ягонай прымусовай высылцы. Гэта ўсё сведчыць аб тым, што шмат нормаў і нацыянальнага, і міжнароднага права было парушана».

Ісмаіл Нальгіеў браў удзел у масавых пратэстах у Інгушэціі, якія ідуць з восені мінулага года, калі ўлады абвесцілі аб змене мяжы паміж Чачэніяй ды Інгушэціяй. У выніку апошняя траціла ажно сем адсоткаў тэрыторыі. Спыненнем грамадскага супраціву цяпер заняліся не мясцовыя, а федэральныя ўлады.

Святлана Ганнушкіна, камітэт «Грамадзянскае спрыянне», Расея:

«Калі чалавек трапляе ў рукі нашых следчых органаў, заўжды, на жаль, ёсць пагроза ягонаму здароўю і жыццю. Бо яны дзеюць сілавымі метадамі, недапушчальнымі. Вельмі часта і як правіла. Я не магу сказаць, што нікога і ніколі нельга выдаваць у Расею. Усё-такі гэта не зусім так, мы не Паўночная Карэя. Але мы даволі хутка да яе набліжаемся».

Фармальна, Нальгіева выслалі за парушэнне беларускага заканадаўства – яшчэ ў аэрапорце на яго склалі адміністратыўны пратакол, аб змесце нічога не паведамляюць. Да таго ж Ісмаіл атрымаў забарону на ўезд у Беларусь на 10 гадоў – гэта максімальны тэрмін.

Алег Агееў, намеснік старшыні БАЖ:

«Нашая міліцыя ў пастанове аб прымусовай высылцы кажа, што ён быў у вышуку. Але гэта значыць, што ў дачыненні яго мела быць распачатая зусім іншая працэдура. Мусілі на ўзроўні Генеральнай пракуратуры разглядаць магчымасць задавальнення запыту замежнай дзяржавы. А калі гэта так, то павінна была вырашаць пракуратура».

Гэта ўжо далёка не першы выпадак высылкі замежных грамадзянаў з Беларусі. Гэтак, месяц таму з нашай краіны дэпартавалі намесніка дырэктара Вайсковага музею Латвіі Юрыса Цыганоўса – ён быў неўязны ў Расею. І калі латышкі гісторык усяго толькі не ўзяў удзелу ў канферэнцыі ў Менску, то інгушскага журналіста чакаюць іншыя наступствы.

Святлана Ганнушкіна, камітэт «Грамадзянскае спрыянне», Расея:

«Калі пайшлі абвінавачанні паводле крымінальных артыкулаў, то тут вялікая верагоднасць трапіць на лаву падсудных і атрымаць дастаткова сур’ёзнае абвінавачанне ў масавых беспарадках. Усе справы, з якімі я сутыкаюся, як правіла, звязаныя з катаваннямі, пагрозамі. То бок насамрэч следчы працэс сурʼёзна не ідзе».

Што гэта: паказная дэманстрацыя лаяльнасці ўсходняму суседу альбо проста трыумф самаўпраўства Міністэрства ўнутраных справаў?Гэта яшчэ неабходна будзе высветліць.

Аднак такое бездакорнае выкананне патрэбаў расейскіх сілавікоў насуперак уласнаму заканадаўству яўна не спрыяе падтрыманню іміджу нейтральнай і бяспечнай краіны.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu