Іран прагне помсты за забойства генерала Касэма Салеймані


У Іране нацыянальная жалоба, у Іраку – святкаванне. На загад Доналда Трампа вайскоўцы ЗША ў Багдадзе забілі галоўнага ваеннага стратэга Ірану – генерала Касэма Салеймані.

Гэтак Белы Дом адрэагаваў на серыю апошніх ваенных правакацыяў Ірану. Тэгеран абяцае помсту, кіраўнікі ключавых краінаў Захаду вядуць перамовы, каб збіць градус эскалацыі канфлікту.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

На вуліцах Керман і Тэбрыз цячэ бясконцая рака іранцаў. Яны аплакваюць вярхоўнага генерала Касэма Салеймані, забітага ўночы амерыканскімі войскамі. Пратэстовец з Ірану Мэгдзі Насіры распавёў:

«Калі тыя, хто нарок на пакутніцкую смерць такога чалавека, як генерал Сулеймані, мяркуюць, што дрэва супраціву звяне, неўзабаве пераканаюцца, што дрэва будзе ўзмацняцца з кожным днём. Ворагаў ісламу, мусульманаў і супраціву – таксама выкараняць».

Антыамерыканскія настроі ў іранскім грамадстве ўзмацніліся. Людзі патрабуюць помсты для ЗША і іхных саюзнікаў у рэгіёне – перадусім Іраку ды Ізраілю, у якіх сёння святкуюць забойства галоўнага ваеннага стратэга Ірану.

Касэма Салеймані лічылі галоўным архітэктарам шэрагу ваенных кампаніяў: працяглага канфлікту ў Іраку, змагання супраць прызнанай тэрарыстычнаю арганізацыі «Ісламская дзяржава» ды развязанай Башарам аль Асадам у 2011 годзе вайны ў Сірыі. Меркавана, не без ягонага ўплыву ў 2015 годзе Уладзімір Пуцін умяшаўся ў сірыйскі канфлікт. Кампанія Салеймані супраць Вашынгтону была нязменнаю:

«Пад выглядам падтрымкі Іраку вы разгарнулі ваенную сілу ў краіне і стварылі кааліцыю. Але вы нічога там не зрабілі, апроч таго як сталіся саўдзельнікамі вялікай змовы».

Паводле мінабароны ЗША, кіраўніка іранскага спецназу забілі з гледзішча бяспекі, бо той «актыўна распрацоўваў планы нападу на амерыканскіх дыпламатаў і жаўнераў у Іраку і агулам у рэгіёне». Саюзнікі ЗША ў Еўропе зразумелі гэты крок. Ульрыке Дэмэр, намесніца прэс-сакратара ўраду Нямеччыны выказала пазіцыю:

«Амерыканскія дзеянні былі рэакцыяй на серыю ваенных правакацыяў Ірану. Я маю на ўвазе напад на танкеры ў Армузскай пратоцы і на саудаўскія нафтазаводы. Мы асудзілі напады на войскі кааліцыі ў Іраку, а таксама нядаўнія напады на амбасаду ЗША ў Іране».

Эскалацыя ў стасунках Іран-ЗША пачалася ўлетку, калі іранскія сілы збілі амерыканскі беспілотнік. Доналд Трамп пагражаў ударамі ў адказ, але далей за словы тады не пайшоў. Кангрэс абмежаваў прэзідэнта ў праве самастойна фінансаваць і абвяшчаць вайну Ірану. Забойства Салеймані, фігуры нацыянальнага маштабу, апазіцыя Трампа лічыць магчымым пачаткам вайны:

«Мы не імкнемся да вайны з Іранам. Але адначасна не збіраемся стаяць у баку і назіраць, як іранцы ставяць пад пагрозу жыццё амерыканцаў. Спадзяемся, што пасля гэтага адказу Іран пойдзе на дээскалацыю», – каментуе Майк Пампэёў, дзяржсакратар ЗША.

Мэта – амаль невыканальная, кажа дацэнт Катарскага ўніверсітэту Мікалай Кажанаў:

«Адказ, які прапанавалі амерыканцы, прыйшоў занадта позна, калі ў Іране ўверавалі ў сваю ўсёдазволенасць. А з іншага боку яго маштабы апынуліся празмернымі. Пакінуць без адказу гібель чалавека, які ўзведзены ў ранг нацыянальнага героя шмат гадоў таму, Іран проста не можа».

Прадбачыць, якім будзе адказ, аналітыкі не ў стане, але помсціць за гібель свайго галоўнага вайсковага стратэга і натхняльніка паабяцаў ужо і афіцыйны Тэгеран.

Юлія Цяльпук belsat.eu