ІП здаюць пазіцыі вялікім крамам. Як ацалець?


Лібералізацыя бізнесу – гэтае словазлучэнне гэтай восенню чыноўнікі паўтараюць як мантру, спадзяюцца на гэтую «беспрэцэдэнтную свабоду і ільготы» і ўласна бізнесоўцы. Але ці пайшло далей за словы? Пакуль што прадпрымальнікі ані свабодаў, ані ільготаў не адчулі. Што перашкаджае дробнаму бізнесу жыць і развівацца?

Крама неўзабаве зачыніцца

Бізнесовец Юрась Галянеўскі, які два дзесяцігоддзі гандляваў будаўнічымі матэрыяламі на гарадзенскім рэчавым рынку «Паўднёвы», распрадае тавары.

«Адкрываюцца новыя гіпермаркеты, яны львіную долю пакупнікоў адцягнулі ў гандлі якім я займаюся», – тлумачыць прадпрымальнік.

Чаму так атрымліваецца?

Прычыну таго, што развіццё буйных гандлёвых сетак, гэтаксама як і інтэрнэт-гандлю, забівае дробны прыватны бізнес, прадпрымальнікі бачаць у стаўленні дзяржавы да аб’ектаў гаспадарання, якімі ёсць як іпэшнік, так і гіпермаркет.

«У нас задэклараваныя такія стасункі: усе субʼекты гаспадарання маюць быць у аднолькавых умовах. Гэта нонсэнс. Як я магу раўняць сябе, прадпрымальніка з металічнага бокса на рынку з гіпермаркетам «Еўраопт» – аднак згодна з указам прэзідэнта ў нас усе ў аднолькавых умовах», – абураецца старшыня Рады ІП рынку «Паўднёвы» Андрэй Шасцеракоў.

Паводле прадпрымальнікаў, сёння найбольшыя выдаткі ў гандлёвым бізнесе прыпадаюць на ўтрыманне крамы.

Калі ж дадаць да гэтых фактараў збядненне насельніцтва, праз што людзі набываюць усё менш тавараў, і непад’ёмныя паводле гандляроў падаткі, то шанцаў ацалець у прыватных крамаў застаецца няшмат. Паводле звестак старшыні рады індывідуальных прадпрымальнікаў гарадзенскага рынку «Паўднёвы», толькі за мінулы год дамовы з рынкам спынілі 136-ць гандляроў з 1830-ці.

Беларускамоўная фірма «Юрась», паводле яе ўладальніка, не знікне з закрыццём крамы будматэрыялаў. Юрась Галянеўскі плануе «перафарматавацца» і перайсці, у прыватнасці, у сферу паслугаў. Вось толькі ці не давядзецца праз некаторы час і там згортваць бізнес?

Ірына Дарафейчук, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum