ІП-шнікі банкрутуюць ад няшчырай канкурэнцыі


Сябрам – усё, грамадзянам – закон. Такую палітыку выбралі ўлады Беларусі ў гандлі. І цяпер беларускія дробныя і сярэднія прадпрымальнікі стаяць у няроўных умовах адносна буйных сеткавых фірмаў, расейскіх гандляроў і гасцей з Сярэдняй Азіі. Пра гэта кажуць удзельнікі Форуму прадпрымальнікаў, які прайшоў у Менску. Асабліва цяжка ІП-шнікам з рэгіёнаў.

Беларускія прадпрымальнікі сфармулявалі задачы кабінету міністраў Сяргея Румаса і напісалі зварот да Аляксандра Лукашэнкі. Але не факт, што ўрад і кіраўнік дзяржавы пачуюць дробны і сярэдні бізнес. На сённяшні Форум прадпрымальнікаў, які прайшоў у сталічным Доме Масквы, грамадскае аб‘яднанне «Перспектыва» запрасіла першага віцэ-прэм‘ера Аляксандра Турчына, кіраўніцтва Мінэканомікі, Міністэрства фінансаў, Дзяржкантролю і шмат каго яшчэ. Анатоль Шумчанка, старшыня ГА «Перспектыва»:

«Як толькі чыноўнікі бачаць супраціў і арганізаваную аргументацыю, то спрабуюць пазбегнуць гэтага. Вось мы бачым, што на сённяшні форум ніхто з вышэйшага кіраўніцтва міністэрстваў і ведамстваў не прыйшоў».

А тыя чыноўнікі, што рэпрэзентавалі свае міністэрствы, не хацелі або не мелі паўнамоцтваў сапраўды адказаць на пытанні прадпрымальнікаў. Напрыклад, Валерый Хомчанка з Міністэрства эканомікі.

«Што канкрэтна вы прапанавалі ў Мінфін?»

«Карэктыроўку 222 указа».

«Што менавіта?»

«У частцы дакумента».

«Што канкрэтна?»

«…»

Сумна вядомы ўказ № 222, падпісаны Аляксандрам Лукашэнкам, патрабуе ад індывідуальных прадпрымальнікаў цэлы пакет дакументаў на тавар. Але з 1-га жніўня беларусы, якія ездзяць на маскоўскія аптовыя рынкі, напрыклад, па адзенне, мусяць прывезці не толькі сертыфікаты Еўразійскага эканамічнага саюзу, якімі расейскія гандляры займацца не хочуць, але і онлайн-чэкі, то бок электронныя заявы аб увозе тавару і аплаце падаткаў. Гэта дадатковыя клопаты і немалыя выдаткі. Ларыса Даніліна, прадпрымальніца з Івацэвічаў:

«У Расеі атрымаць гэты онлайн-чэк можна. Але нам адразу прапаноўваюць: за 10% ад вашай накладной».

Аб‘яднанне «Перспектыва» пісала зварот у 4 дэпартаменты і міністэрствы, каб там растлумачылі сітуацыю аб адказнасці прадпрымальнікаў у справе гэтых онлайн-чэкаў. Адказу не было, толькі адпіскі. Анатоль Цітавец, прадпрымальнік, удзельнік Форуму:

«Задача ўлады для прадпрымальнікаў забяспечыць разумнае падаткаабкладанне і нармальнае дакументальнае пацверджанне дзейнасці. Бо на сёння ўсё гэта вельмі складана і пасуе буйному бізнесу, чым дробнаму».

Цяпер айчынныя гандляры скардзяцца на новую бяду: прадпрымальнікі з Цэнтральнай Азіі, якія возяць у Беларусь кітайскі кантрафакт, дамаўляюцца з прадстаўнікамі органаў кантролю і дэмпінгуюць кошты. Фірмы рэгіструюць як ІП, звычайна на маладых беларусак. Тавары возяць цэлымі фурамі. У выніку банкрутуюць беларускія ІП і дробныя крамы. Алена Бурая, удзельніца Форуму з Беразіна:

«У нас маленькі горад Беразіно. Узбекі адкрылі свае крамы, маленькія будынкі, парушэнні правілаў гандлю, не выбіваюць чэкі. На кітайскім тавары напісана, што ён узбецкі».

Прадстаўнікі кантрольных органаў кажуць, што штрафуюць усіх парушальнікаў. Людміла Кузняцова, Дзяржнагляд па Менскай вобласці і Менску:

«Па Менскай вобласці і гораду Менску праверылі 75 суб’ектаў гаспадарання, ва ўсіх былі знойдзеныя парушэнні. Гандлююць па нізкіх коштах. Гэта з Сярэдняй Азіі: Туркменістан, Узбекістан, Кыргызстан».

Але ўзбецкія крамы пасля правярання і штрафаў працягваюць гандаль. А беларускія ІП, што спрабавалі працаваць законна, мусяць ісці на біржу працы.

Яраслаў Сцешык, belsat.eu

Фота: Valery Sharifulin / TASS / FORUM