Аб'ектыў 28.08.2017 ІП масава зачыняюць бізнес. Кожны беларус заплаціць за гэта


30 тысячаў індывідуальных прадпрымальнікаў – больш за 10 % ад агульнай колькасці – сышлі з бізнесу з пачатку 2015 года, калі, згодна з указам Аляксандра Лукашэнкі № 222, для дробных гандляроў увялі новыя правілы гандлю – змусілі афармляць дарагі беларускі сертыфікат якасці на кожную адзінку прададзенага імі тавару.

За 12 месяцаў страты ў шэрагах ІП склалі 6 тысяч чалавек

Актывісты прадпрымальніцкага руху, аднак, адзначаюць, што афіцыйныя лічбы – толькі вяршыня айсбергу.

«За 2016 год статыстыка. Страты прадпрымальнікаў: 41 715 чалавек. Белстат даў. Сышлі. 32 тысячы прыйшлі. Разбежка нібыта 9 тысяч. Але тут маецца на ўвазе якасны фактар. Прыйшлі ж тыя людзі, якія хацелі сысці ад дэкрэту дармаедства. Проста зарэгістравацца – адзін раз на год заплаціць падатак», – тлумачыць актывіст Анатоль Змітровіч.

Як працуюць тыя ІП, што засталіся?

«222-гі ўказ нанес сурʼёзны ўдар па індывідуальных прадпрымальніках і акурат скарачэнне іх колькасці зʼяўляецца наўпроставым наступствам яго працы. Зараз няма татальных праверак, гэта ёсць воля пэўных чыноўнікаў, якія пакуль не даюць каманды», – тлумачыць лідар прадпрымальніцкага руху «Перспектыва» Анатоль Шумчанка.

Нішу, якую пакідаюць ІП, займаюць гандлёвыя сеткі

Паводле даследавання кампаніі «МАСМІ», калі ў 2013-ым годзе на рынках Беларусі закупляліся тры чвэрці беларускіх гараджанаў, то сёлета гэта – усяго 56 %. То бок па-ранейшаму абсалютная большасць, але на траціну менш, чымся 4 гады таму. Як паведамілі нам у Рэспубліканскай канфедэрацыі прадпрымальніцтва, акурат напярэдадні ўвядзення ўказу № 222 шэраг буйных гандлёвых сетак, у прыватнасці «Карона», задумвалі экспансію ў сегмент недарагой вопраткі, асабліва ў рэгіёнах. Пазней уладальнік «Кароны» Павел Тапузідыс сцвярджаў журналісту «Нашай Нівы», што гэта ён пераканаў Лукашэнку прыбраць з ягонай дарогі ІП.

Яшчэ адна група выйграла ад сыходу ІП – гандляры з Сярэдняй Азіі

Яны сёлета вядуць актыўную экспансію на беларускі рынак. Гандлёвая інспекцыя ў Дзяржынску, якая правярала такую ўзбекскую краму ў прысутнасці журналістаў парталу mlyn.by, канстатавала, што пятая частка выручкі гэтай крамы была без чэкаў, то бок сыходзіла ў цень. Беларускія ІП, аднак, сцвярджаюць, што іхных азіяцкіх канкурэнтаў правяраюць значна радзей, чымся айчынных.

«У ва ўсіх толькі адно пытанне: хто крышуе гэта? Хто крышуе гэта, хто за гэтым стаіць? Бо мы не чулі ніводнай крамы, якую б канфіскавалі», – абураецца Шумчанка.

Спажыўцы ад змяншэння канкурэнцыі атрымалі рост коштаў

Летась вопратка ў Беларусі падаражэла амаль на 5%. А ў Польшчы, напрыклад, на столькі ж патаннела.

Станіслаў Івашкевіч, «Белсат», фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Глядзі таксама
Каментары