Інвестыцыі з пустыні: у Менску пабудуюць міжнародны фінансавы цэнтр?


Фактычна ў чыстым полі, паводле планаў уладаў, мусіць праз некалькі гадоў паўстаць міжнародны фінансавы цэнтр плошчай на тысячу гектараў. Інвестары паходзяць з Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Аб гэтым дамовіўся Аляксандр Лукашэнка падчас візіту ў гэтую краіну.

Забудову абшару на ўскраіне Менску Лукашэнка абмеркаваў з прэм’ер-міністрам Арабскіх Эміратаў. У свой час гэты чалавек, адзін з найбагацейшых, паводле «Forbes», кіраваў узвядзеннем «Бурдж ХалІфы» – самага высокага ў свеце хмарачосу.

Яўген Красулін, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях:

«Мухамэд бін Рашыд аль-Мактум – чалавек, які кіруе эміратам Дубай. І менавіта пры ім Дубай, мы бачым, ператвараецца ў адзін з вядучых гарадоў свету. Уласна кажучы, будаўніцтва – адна са сфераў, дзе Мухамэд бін Рашыд займаецца справамі».

Паводле парталу Tut.by, міжнародны фінансавы цэнтр плануецца размясціць на паўночным беразе Свіслачы ў ваколіцах вадасховішча Дразды. Цяпер жа рыхтуецца канцэпцыя праекту, які мусіць зацвердзіць асабіста кіраўнік краіны.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Што адбываецца далей. Лукашэнка нейкай афшорнай пракладцы, напрыклад, арабскай, з невядома якімі грашыма выдзяляе сваім указам зямлю, вызваляе іх ад падаткаў, дае шэраг іншых ільготаў пад вось гэты гучны праект гіганцкага фінансавага цэнтру. У выніку фінансавага цэнтру там не будуецца, а ідзе жыллёвае будаўніцтва – тое, пад што можна хутка, што называецца, зрубіць грошай».

Станіслаў Івашкевіч кажа, што, падобна, такі лёс напаткаў папярэдні праект міжнароднага фінансавага цэнтру. У 2016 годзе яго ўзялася будаваць кампанія «Dana Holdings» – цяпер найбуйнейшы забудоўнік краіны.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»:

«Экс-старшыня Нацыянальнага банку Тамара Віннікава, уцёкшы з-пад хатняга арышту ў Лондан, дала адтуль потым два інтэрв’ю, у якіх распавядала пра тое, што Арабскія Эміраты – адное з улюбёных месцаў, дзе атачэнне Лукашэнкі трымае свае грошы. На сённяшні дзень мы бачым яшчэ шэраг такіх схемаў, напрыклад, у Дубаі зарэгістраваны канчатковы бенефіцыяр «Dana Holdings».

На сустрэчы з Лукашэнкам у Эміратах прысутнічалі высокія чыноўнікі, адказныя за абарону і бяспеку: пастаўкі ўзбраенняў у абодва бакі ідуць стабільна і разглядаюцца краінамі ў якасці перспектыўнага кірунку супрацы, кажа эксперт.

Яўген Красулін, спецыяліст па нееўрапейскіх цывілізацыях:

«Эміраты праводзяць такую палітыку, у тым ліку і кіраўніцтва асобных эміратаў, якая накіраваная на даволі шырокае інвеставанне… Канечне, у нас інвестыцыі вельмі рызыкоўныя. Ёсць такі момант, што блізкая сістэма. Гэта сямейныя сувязі. Недарэмна Аляксандр Рыгоравіч увесь час са сваймі сынамі туды ездзіць. Там таксама ўся сістэма кіраўніцтва пабудавана на роднасных сувязях».

Да таго ж, у Лукашэнкі ўжо атрымалася пабудаваць досыць добрыя стасункі з кіраўніцтвам Эміратаў – нават гэтых людзей ён прывучыў да гульні ў хакей і запрашае адпаведную каманду на свае турніры.

Зміцер Міцкевіч belsat.eu

Фота: president.gov.by