«Інваліды таксама могуць танчыць». Беларуска разбурае стэрэатыпы


Штодзённыя нязручныя сітуацыі ў кавярнях, крамах, дзяржаўных установах. Дыскрымінацыя пры спробе працаўладкавання. Паўтара года змагання з чыноўнікамі за ўсталяванне пандусу. Чаго толькі не перажыла за сваё жыццё вазочніца з дзяцінства Ганна Іванова з Магілёва. Аднак прага да паўнавартаснага жыцця бярэ верх. Ды дае прыклад іншым.

Гэтак сама, як незычлівае бар‘ернае асяроддзе, – перамагаць усе жыццёвыя выклікі.

«Для мяне ніколі не існавала ніякіх перашкодаў, стэрэатыпаў. А калі гэтыя стэрэатыпы былі, я намагалася іх разбураць», – узгадвае Ганна Іванова.

І разбурала паспяхова. Жыхарка Магілёва Ганна Іванова з дзяцінства цярпіць на спіннамазгавую грыжу.

«У мяне інваліднасць з нараджэння. То бок іншага жыцця я і не ведала: як гэта – хадзіць», – кажа Ганна.

«Інваліды таксама могуць танчыць»

Але жыццё 39-гадовай жанчыны – абсалютна паўнавартаснае.

«Скончыла школу, паступіла ў інстытут, скончыла яго. Пайшла працаваць на завод металургічны па спецыяльнасці. Пасля атрымала другую адукацыю. Атрымала правы – пачала кіраваць машынай», – распавядае Ганна.

А таксама нарадзіла сына. У двухтысячным пачала займацца спартовымі танцамі на вазках. І цяпер – сярод найлепшых. Летась на чэмпіянаце свету ў Бельгіі Ганна з партнёрам увайшлі ў дзясятку вядучых танцораў.

«Я не саромеюся недзе танчыць, недзе рухацца. Гэта – прыгожа, гэта – камунікацыя з людзьмі. Гэта – разбурэнне стэрэатыпаў, інваліды таксама могуць танчыць», – лічыць Ганна.

І не толькі танчыць. Аднак ім патрэбна крыху больш увагі з боку дзяржавы і разумення людзей навокал.

«Мяне ўразіла сітуацыя ў мінулым годзе, калі мы былі ў Нямеччыне. Там пад’язджае аўтобус, у яго платформа апускаецца, у першую чаргу людзі, якія стаяць на прыпынку, прапускаюць людзей на вазках. У нас такога няма – у нас нават аўтобусы да бардзюра бліжэй пад’ехаць не могуць – ім нязручна, іх не навучылі», – дзеліцца ўражаннямі Ганна.

Больш падарожжаў – больш параўнанняў з рэчаіснасцю нашае краіны. Ужо ў чэрвені – чэмпіянат па танцах у Польшчы. Праз паўгода – чэмпіянат Еўропы. На які, праўда, пакуль няма грошай. Бо ўнёсак – каля сямісот еўраў. А разлічваць у беларускіх умовах Ганна прызвычаілася толькі на сябе.

Лола Бурыева, «Белсат». Фота: Ганна Іванова